Георгій Цяцера — эфектыўны і паспяховы лідар вытворчага філіяла «Браслаўрыба»

Люди
Дырэктар вытворчага філіяла «Браслаўрыба» ААТ «Глыбоцкі МКК» Георгій Цяцера з ліку тых неардынарных асоб, якім, мабыць, наканавана лёсам заўжды быць лідарам. Калі не засяроджваць увагу на тым, што звычайны вясковы хлопец пачаў сваю працоўную дзейнасць трактарыстам у калгасе, служыў, як і ўсе здаровыя юнакі, у арміі, вывучаў аграномію ў Вялікалуцкім сельскагаспадарчым інстытуце, то ўвесь свой працоўны шлях працягласцю ў 30 гадоў ён прайшоў выключна на кіраўніцкіх пасадах.

Пасля заканчэння інстытута Георгію адразу даверылі пасаду галоўнага агранома калгаса імя Чарняхоўскага (Іказнь), потым ён узначальваў праўленне калгаса імя Кірава (Цяцеркі), быў дырэктарам рыбгаса «Браслаўскі», «Браслаўрайсельгаслеса», раённага цэнтра занятасці, старшынёй праўлення райпа, галоўным інжынерам філіяла «Браслаўрыба», а з 2015 года кіруе гэтым буйным перапрацоўчым прадпрыемствам.

У 2014 годзе, узгадвае сёння дырэктар, «Браслаўрыба» аказалася ў даволі складаным фінансава-эканамічным становішчы. Рынак быў перанасычаны таннымі расійскімі кансервамі, спажывецкі попыт на гэту харчовую прадукцыю даў спад. З-за адсутнасці збыту знізіліся і аб’ёмы вытворчасці, не разгружаліся склады гатовай прадукцыі.

Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі новы дырэктар зрабіў стаўку на адметную якасць рыбных кансерваў і зніжэнне іх сабекошту. У першую чаргу было ўстаноўлена сучаснае халадзільнае абсталяванне, што дазволіла аптымізаваць на іншую работу 9 чалавек абслугоўваючага персаналу. Пад патрэбнасці вытворчага працэсу адаптавалі адміністрацыйна-ўпраўленчы апарат. За кошт уласных сродкаў і крэдытаў банка філіял пачаў гаспадарчым спосабам планамерна займацца рэканструкцыяй. Ужо праведзены рамонт памяшканняў шпротнага цэха, аўтаклаўнага аддзялення, прамежкавага і канчатковага склада захоўвання гатовай прадукцыі, склада захоўвання дапаможнай сыравіны, бытавых памяшканняў, заканчваецца і рамонт адміністрацыйнага будынка.

Георгій Цяцера адзначае, што дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву быў асвоены выпуск кансерваў, якія раней у Беларусі не выпускаліся. Калі ў структуры вытворчасці ў 2011–13 гадах 95 % рыбных кансерваў займала «Кілька ў таматным соусе», то ўжо ў 2016 г. рыбныя кансервы ў таматным соусе саставілі толькі 57 %, значна павялічылася доля кансерваў у масле. Практыка паказала, што такі крок маркетынгу апраўдаў сябе. Сёння браслаўскія рыбныя кансервы можна ўбачыць ва ўсіх гандлёвых кропках Беларусі, а таксама ў Казахстане, Кіргізіі, Туркменістане, Грузіі. На гэтым фоне экспартная выручка філіяла за 2020 год саставіла каля 300 тыс. долараў ЗША.

Увогуле ж выручка філіяла ад рэалізацыі прадукцыі за 4 апошнія гады вырасла на 63,1 %, а выручка ад рэалізацыі на аднаго работніка склала летась 78 тысяч рублёў і павялічылася ў параўнанні з 2015 годам на 74,1 %. І па выніках працы за 9 месяцаў бягучага года вытворчасць рыбных кансерваў узрасла на 2,1 % у параўнанні з мінулым годам, вытворчы філіял «Браслаўрыба» атрымаў прыбытак ад рэалізацыі на суму 202 тыс. руб., рэнтабельнасць продажу склала 4,4 %.

Дырэктар філіяла ўпэўнены, што, нягледзячы на няпростую эканамічную сітуацыю ў свеце ў сувязі з эпідабстаноўкай, сёння падначаленае яму прадпрыемства трывала стаіць на нагах, пры сярэднямесячнай зарплаце ў памеры 916,5 руб. тут склаўся калектыў аднадумцаў, у тым ліку цяпер аж 15 жанчын знаходзяцца ў водпуску па доглядзе малалетніх дзяцей, а гэта значыць, што ў старэйшага пакалення работнікаў ёсць надзейная змена. ■

Казімір ПЯТУШКА