Эксперыменты ў школе і выбух. Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў лістападзе 2000-га

Калейдоскоп
ТУТ ВУЧАЦЬ АСНОВАМ ПРАФЕСІІ

Цяпер вядзецца шмат размоў пра закрыццё вучэбна-вытворчых камбінатаў. Калі ў 80-я гады ў іх вучылі шафёраў, трактарыстаў-камбайнераў, аператараў машыннага даення, пазней – культработнікаў, бібліятэкараў, кінамеханікаў, прадаўцоў, то сёння для 240 старшакласнікаў прапануюць толькі дзве спецыяльнасці – шафёр і швачка. Між тым вучні атрымлівалі азы прафесіі, пасведчанні і адразу пасля школы маглі ўладкавацца на працу. Варта было б не закрываць ВВК, а ўдасканаліць саму сістэму прафадукацыі.

ТАК ЗАПРАШАЕ АДПАЧЫЦЬ ЗІМОЙ

Упершыню на турбазе «Браслаўскія азёры» восенню настала зацішша. З-за абмежаванасці ў сродках Гомельшчына ўжо не ў стане аздараўляць сваіх дзяцей у азёрным краі. Гэта непрыемная навіна, бо, займаючыся аздараўленнем прыезджых па чарнобыльскай праграме, калектыў комплексу не меў праблем з яго загрузкай круглы год. Таму кіраўніцтва ТАКа сур’ёзна працуе над прыцягненнем на Браслаўшчыну адпачываючых на зіму і міжсезонне: арганізуе туры выхаднога дня, двухтыднёвыя заезды, таксама удасканальвае інфраструктуру.

ЭКСПЕРЫМЕНТ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Два гады таму назад, калі школы раёна пачыналі эксперымент па дыферэнцыраваным навучанні дзяцей, наватарскі падыход быў неадназначна ўспрыняты як бацькамі, так і настаўнікамі. Між тым вынікі рознаўзроўневага навучання, на якое перайшлі 17 сярэдніх і 11 базавых школ, больш не пакідаюць сумнення ў правільнасці выбранага шляху. Абсалютна ва ўсіх СШ бал паспяховасці вучняў павысіўся, павялічылася і колькасць удзельнікаў ды пераможцаў як абласных, так і рэспубліканскіх алімпіяд, і ў ВНУ паступіла выпускнікоў на 8 % больш, чым летась.

А ШТО ЗАСТАНЕЦЦА НАШЧАДКАМ?

Колькасць выяўленых фактаў браканьерства на вадаёмах сведчыць, што людзі часцей свядома ідуць на парушэнне закону. Здаецца ж, адукаваныя, павінны разумець, што прырода не бяздонная кладоўка. А можа, галеча штурхае асобных грамадзян з сеткамі на азёры? Але да павальнай галадухі мы яшчэ не дажыліся, ды і на вуліцах няма апухлых ад недаядання дзяцей. Некаторыя ж з канфіскаваных снасцей каштуюць немалых грошай. Выходзіць, што на браканьерства многіх штурхае сквапнасць і прага разбагацець задарма, а там хоць трава не расці.

ДУХОЎНА-ПЕДАГАГІЧНЫЯ ЧЫТАННІ Ў ГІМНАЗІІ

У рамках святкавання 2000-годдзя Нараджэння Хрыстова ў Браслаўскай гімназіі адбылася незвычайная падзея: упершыню за многія гады свецкія настаўнікі сустрэліся з настаўнікамі духоўнымі. І сышліся не ў даўнейшым дыспуце атэістаў і веруючых, а ў зацікаўленай размова пра вяртанне да духоўных вытокаў у выхаванні падрастаючага пакалення. Так, уладыка Феадосій, епіскап Полацкі і Глыбоцкі, пранікнёна аргументаваў, чаму бацькі, і школа, і царква павінны адзіным намаганнем супрацьстаяць разбэшчвальнаму ўплыву на моладзь СМІ, масавай культуры, сектаў.

ВЕСТКІ З БРАСЛАЎСКАЙ МЫТНІ

Не пашанцавала жыхару Латвіі, які спрабаваў вывезці з Беларусі з утойваннем ад мытнага афармлення 11 бляшанак чорнай ікры вагой 9 кг. Браслаўскі суд наклаў на яго штраф і ўтрымаў кошт дэфіцытнага далікатэсу. А вось грамадзяне Літвы, мабыць, разлічвалі смачна і ўдосталь паесці курыных кумпячкоў ды зрабіць на іх даходны бізнес. На чатырох вялікіх машынах суседзі спрабавалі правезці груз па незаконна атрыманых дакументах. Пастановай суда 119 тон кумпячкоў канфіскаваны ў даход дзяржавы, яны, дарэчы, прадаваліся ў браслаўскіх магазінах.

ПРА ЯКАСЦЬ МАЛАКА ТРЭБА ДБАЦЬ

Работнікі Браслаўскага малочнага завода ўсур’ёз занепакоены якасцю малака, якое паступае на перапрацоўку з калгасаў і саўгасаў раёна. На фермах адчувальна знізіліся надоі, таму, каб іх «павялічыць», некаторыя нядобрасумленныя даяркі дабаўляюць у малако ваду, з-за чаго рэзка пайшла ўніз яго шчыльнасць. Па тэхнічных умовах яна павінна быць не ніжэйшай за 27 градусаў. А з асобных гаспадарак малако паступае са шчыльнасцю 25,4-26,7 градуса. Існуе таксама праблема механічнай забруджанасці прадукцыі ферм, быццам пэўныя яе партыі ўвогуле не фільтруюць.

ВЫБУХ У ВІДЗАХ

Увечары 23 лістапада, каля 19 гадзін, г. п. Відзы ўскалыхнуў моцны выбух: узарваўся жылы двухкватэрны дом па вул. Леніна. На шчасце, нікога з жыхароў у памяшканні ў гэты час не было. Дом поўнасцю разбураны, выбуховай хваляй павыбівала шыбы з вокнаў у пяці суседніх дамах, яшчэ ў адным з іх моцна пашкоджана сцяна. Акрамя таго, пацярпеў выпадковы прахожы, які знаходзіўся паблізу. Выказваецца версія, што выбух адбыўся з-за ўцечкі газу. ■

Жанна БЯЛЬКО