Браслаўчанка Людміла Александровіч — творчая натура з сучасным светапоглядам

Актуальное Люди
Вядомы філосаф Сакрат сказаў, што самае складанае ў жыцці — вучыць, лячыць і судзіць. Таму людзі, якія ў прафесійным плане выбіраюць адзін з гэтых шляхоў, адважваюцца на надзвычай важны крок. Зрабіла яго калісьці і малады педагог Людміла Александровіч.
ШЛЯХ У ПРАФЕСІЮ

Людміла сама мясцовая, скончыла Дрысвяцкую школу. Яе маці, якая загадвала дзіцячым садам, марыла, каб дачка стала выхавальніцай або медыкам. Але перамагла любоў да кніг: дзяўчына дагэтуль памятае свае ўражанні ад лермантаўскага «Героя нашага часу» і ўрокаў настаўніцы Данаты Мартынкінай. Па мэтавым накіраванні выпускніца паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава на філалагічны факультэт па спецыяльнасці «руская філалогія і літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць», прычым душа ў абітурыенткі напачатку больш ляжала менавіта да апошняй. Пасля атрымання дыплома яшчэ паўтара года вучылася ў магістратуры на кафедры педагогікі, асвойваючы асаблівасці адукацыйнага менеджменту. Па словах Людмілы, гэта дало многа плюсаў, у тым ліку сама педагогіка адкрылася з іншага боку. Дадатковыя веды прыйшліся дарэчы, калі вясной Л. Александровіч вярнулася на Браслаўшчыну і стала працаваць у аддзеле райвыканкама па адукацыі метадыстам па сацыяльнапедагагічным і псіхалагічным суправаджэнні. Прыехала з Віцебска Людміла ўжо з пэўным вопытам: падчас вучобы ў магістратуры адзін год працавала ў гарадской школе (самай вялікай у вобласці) педагогам-арганізатарам на поўную стаўку. На кафедры дазволілі на гэты час вольнае наведванне. Дзяўчына і цяпер удзячна кіраўніцтву за такую магчымасць, бо вопыт работы з дзецьмі атрымаўся ўдалы. Малады спецыяліст кажа:

— Працаваць у школе вельмі спадабалася. Як высветлілася, гэта мне нават бліжэй, чым работа ў газеце: практыку я праходзіла ў «Віцебскіх вясцях» і таму ёсць з чым параўноўваць. Не, там таксама было цікава, але зносіны з дзецьмі, арганізацыя конкурсаў, правядзенне акцый, творчасць — я апынулася ў сваёй стыхіі. Тым больш што падчас вучобы мы з сяброўкамі заўсёды цікавіліся падзеямі, якія адбываліся ва ўніверсітэце, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах.

МЕТАДЫСТ, БЛОГЕР І АМАТАР КНІГ

Паўгода Л. Александровіч працавала ў аддзеле па адукацыі. За гэты час яна многаму навучылася ад калег, якія прыязна сустрэлі маладога спецыяліста, знаёмілі з асаблівасцямі работы, дзяліліся вопытам. Праз добрае веданне камп’ютара Людміла далучылася да праекта анлайнлагера. А з новага навучальнага года яна метадыст цэнтра дзяцей і моладзі: займаецца распрацоўкай палажэнняў, арганізацыяй і правядзеннем мерапрыемстваў. Напрыклад, у пачатку верасня ва ўстанове прайшло знаёмства дзяцей з сёлетнімі накірункамі работы пад назвай «Добры дзень, мы вас чакалі» — тут ужо значны яе ўклад. А яшчэ як педагог Людміла Александровіч вядзе новае і надзвычай папулярнае аб’яднанне па інтарэсах «Я ў мамы блогер». Паколькі жадаючых было вельмі многа, давялося адкрыць аж 4 групы. Самым юным блогерам па 8 гадоў, старэйшым — па 15, тым не менш прывяло іх на заняткі агульнае жаданне атрымаць залатую ці сярэбраную кнопку YouTube. Праўда, праграма дастаткова складаная, але ў той жа час цікавая і прапануе шмат відаў дзейнасці — здымку і рэдактаванне відэа, напісанне тэкстаў, развіццё культуры маўлення і нават акцёрскага майстэрства. Як жартуе Людміла, ідзе паступовы працэс прыціркі: кіраўніка аб’яднання — да праграмы, дзяцей — да яе і праграмы. Ёсць ужо і ўдалыя спробы. Заняткі патрабуюць ад педагога грунтоўнай падрыхтоўкі, але яна прывыкла да гэтага яшчэ ва ўніверсітэце,  многа матэрыялаў знаходзіць на прасторах інтэрнэту. Вельмі дапамагае ў працы і асабістае захапленне Л. Александровіч: ёй падабаецца відэаздымка, у якой яна практыкуецца на сябрах. Не забываецца дзяўчына і яшчэ пра адзін любімы занятак — чытанне (захапляецца класікай і навукова-папулярнай псіхалогіяй). Як ні дзіўна, але кнігі не толькі не займаюць час, а, наадварот, дапамагаюць больш рацыянальна яго арганізаваць: Людміла шмат чытае пра самаразвіццё.

Колькі працуе малады спецыяліст, ні разу не пашкадавала пра выбраны шлях.

— Прафесія педагога вельмі важная, складаная і цяжкая, — разважае Л. Александровіч, — але не трэба яе баяцца. З цягам часу адкрываецца нямала момантаў, якіх не чакаў, таму навічкам неабходна пастаянна працаваць над сабой, развівацца, верыць у сябе і ў тое, што робіш — і тады ўсё атрымаецца. ■

Жанна БЯЛЬКО