Глядзіце, як у Браславе дзяцей вучаць беларускім традыцыям

Власть и общество
Калі завітаць у браслаўскі яслі-сад № 1 у чацвер, то можна мімаволі заслухацца: зранку паўсюль гучыць мілагучнае «Прывітанне» ці «Добрай раніцы», удзень разносіцца пяшчотнае «Калі ласка», увечары — старанна прамоўленае «Да пабачэння». У чацвёрты дзень тыдня ў дашкольнай установе выхавальнікі, бацькі і дзеці імкнуцца ўжываць як мага больш беларускіх слоў. І гэта не выпадковасць.

— Хоць наш яслі-сад i рускамоўны, але калектыў клапоціцца пра развiццё беларускага маўлення выхаванцаў, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Сняжана Астапковіч. — І ў нас ужо напрацаваны карысны вопыт: праводзілі «Калядкі», «Вячоркі» і «Дажынкі», да розных мерапрыемстваў, у тым ліку да Дня маці, развучвалі хоць верш ці песеньку на беларускай мове, да забавы «Мой горад Браслаў» таксама рыхтавалі нацыянальныя песні і танцы. А сёлета мы выбралі для ўстановы ў якасці асноўнага накірунак «Беларуская мова».

Згодна са зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі вывучэнне беларускай мовы ажыццяўляецца ў сярэдняй (4 – 5 гадоў) і старэйшай (5 – 6) групах, у другім паўгоддзі да іх далучаюцца таксама выхаванцы другой малодшай групы. Развіццё маўлення ў дзетак ідзе нязмушана і няспешна, беларускія словы паступова ўводзяцца ў розныя віды дзейнасці. І пачынаецца ўсё з гульняў: маленькія выхаванцы добра ўспрымаюць усё на практыцы і лёгка запамінаюць новыя выразы. Вельмі карысныя народныя гульні, бо адлюстроўваюць беларускія традыцыі. Іх праводзяць не толькі выхавальнікі, але і музычны кіраўнік, дарэчы прыходзяцца яны і на занятках па фізічнай культуры.

Асаблівае месца, безумоўна, займае чытанне казак і мастацкіх твораў на беларускай мове. Менавіта на такіх занятках дашкольнікі чуюць новыя словы, вучацца іх правільнаму вымаўленню і ўжыванню — падчас абмеркавання герояў. Дзецям падабаецца ўдзельнічаць у інсцэніроўках твораў: выконваючы ролі персанажаў, малыя запамінаюць іх словы, якія потым ужываюць у паўсядзённым жыцці. Нават самым маленькім (2 – 3 годзікі) выхавальнікі чытаюць так званыя пястушкі і пацешкі. Так праз нескладаныя сюжэты педагогі далучаюць дзетак да маралі нашых продкаў, раскрываюць прыгажосць беларускіх слоў.

Цікавасць дашкольнікаў падтрымлівае і прадметнае асяроддзе: у кожнай групе ёсць куточак з лялькамі ў нацыянальных сукенках, глінянымі свістулькамі, ручнікамі, збанкамі ды беларускай літаратурай. Для свят зроблены рэалістычныя дэкарацыі, напрыклад, на печы нават можна сядзець. А экспанаты на выстаўку «Я люблю Беларусь» — лялек, буслоў з нітак, калажы, аплікацыі, карціны з тканіны, вырабы з саломкі, дрэва — рыхтавалі разам выхавальнікі, бацькі і дзеці, што стала яшчэ адным крокам у далучэнні да нацыянальнай культуры. Асаблівы дзень у яслях-садзе чацвер, калі ўсе стараюцца размаўляць па-беларуску. Выхавальнікі ў групах прапаноўваюць адпаведныя гульні, гутаркі праводзяць на беларускай мове. Дзецям вельмі падабаецца. Спачатку паглядалі вялікімі вачыма, а потым уцягнуліся і цяпер нават бацькоў папраўляюць, каб тыя «правільна» віталіся.

Дарэчы, калектыў ясляў-сада працуе не толькі з выхаванцамі: вялікую ўвагу тут удзяляюць рабоце з дарослымі. Так, на сайце ўстановы створана спецыяльная старонка «Каб гучала родная мова», дзе размешчаны кансультацыі для пачаткоўцаў, карысныя рэкамендацыі для бацькоў, спасылкі на цікавыя дзіцячыя беларускамоўныя сайты і больш за чатыры дзясяткі казак на беларускай мове. Маецца нават невялікі тэматычны слоўнічак у малюнках. У групах на стэндах таксама вывешваецца інфармацыя. Бацькі ў сваю чаргу падтрымліваюць ініцыятыву, бо гэта ж у іх інтарэсах: калі дзеці, авалодаўшы пэўным лексічным запасам, пойдуць у школу, дамашнія заданні па беларускай мове не будуць выклікаць цяжкасцей.

Няма сэнсу вучыць мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў думкі дзіцяці лёгка і непрыкметна. Якраз на гэта і накіраваны намаганні супрацоўнікаў ясляў-сада № 1 г. Браслава. ■

Жанна БЯЛЬКО