У Беларусі ідзе падрыхтоўка да Усебеларускага народнага сходу

Новости
У нарадзе, якую правёў Аляксандр Лукашэнка, прынялі ўдзел прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі сферы бяспекі, Адміністрацыі Прэзідэнта і інш.

Згодна з канцэпцыяй запланаванага форуму, Усебеларускі народны сход павінен стаць пляцоўкай для рэальнага дыялогу па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны.

А. Лукашэнка падкрэслівае, што гэта асобая форма народаўладдзя ў краіне. І ў час форуму трэба вызначыць, як будзе развівацца дзяржава ў будучым. Пры гэтым, на яго думку, варта на канстытуцыйным узроўні замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу.

Адным з важных пытанняў маючага адбыцца форуму стане падвядзенне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за апошніх 5 гадоў.

Тым часам пра тэрміны, тэматыку і фармат Усебеларускага народнага сходу расказаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, ужо ў бліжэйшы час будзе распрацавана адпаведнае распараджэнне аб фарміраванні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні сходу. Потым арганізацыйны камітэт унясе кіраўніку дзяржавы прапановы па даце, фармаце, тэматыцы мерапрыемства.

«Мы разлічваем, што яно адбудзецца ў пачатку 2021 года, магчыма, у студзені, лютым», — растлумачыў прэм’ерміністр. Ён удакладніў, што з улікам эпідэмічнай абстаноўкі арганізацыйны камітэт можа скарэкціраваць тэрміны і фармат сходу.

Што датычыцца парадку дня, то плануецца яго падзяліць на два маштабныя тэматычныя блокі — пытанні сацыяльнаэканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Традыцыйна ў блоку сацыяльна-эканамічнага парадку дня будзе абмяркоўвацца праграма развіцця краіны на пяцігодку. «Мы ўжо цяпер бачым, што не ўсе задачы, якія ставіліся раней, атрымалася выканаць. Недзе мы змаглі ўжо цяпер перавыканаць даведзеныя задачы (я маю на ўвазе ў эканоміцы), недзе пакуль не вельмі атрымалася. Таму пастаўлена задача празрыста і прадметна прааналізаваць, што неабходна зрабіць, якія новыя механізмы выбраць для таго, каб у наступнай пяцігодцы мы закрочылі больш упэўнена і паказалі больш уражальныя тэмпы эканамічнага росту», — адзначыў Раман Галоўчанка.

Адрозненне маючага адбыцца форуму ад папярэдніх у тым, што на ім будзе абмяркоўвацца і шырокае кола пытанняў грамадска-палітычнага развіцця Беларусі. Цяпер гэта тэматыка актыўна абмяркоўваецца на дыялогавых пляцоўках па ўсёй краіне. Як запэўніў Раман Галоўчанка, агучаныя прапановы будуць акумулявацца арганізацыйным камітэтам, які ўнясе іх на разгляд сходу.

Паводле яго слоў, у ліку абавязковых патрабаванняў кіраўніцтва краіны да фармату сходу — наяўнасць розных пунктаў гледжання, дыскусія па актуальных пытаннях. «Плюралізм меркаванняў, прадстаўніцтва розных сацыяльных груп на Усебеларускім народным сходзе — гэта аснова, каб ён быў паспяховым і выніковым», — сказаў прэм’ер-міністр. ■