Аўтамабілісты і работнікі дарожнай галіны Браслаўшчыны адзначылі сваё прафесійнае свята

Новости
У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначылі аўтамабілісты і работнікі дарожнай галіны. Урачыстасці з гэтай нагоды прайшлі ва ўсіх профільных арганізацыях. Да супрацоўнікаў ДРБУ-142 завітаў старшыня Браслаўскага райвыканкама Аляксандр Баданін.

Пра стан спраў у філіяле і асноўныя вытворчыя і эканамічныя паказчыкі расказаў яго начальнік Васіль Радчанка. Паводле яго слоў, сітуацыя ў галіне складваецца няпростая: маюць месца цяжкасці з фінансаваннем, пэўныя запланаваныя аб’ёмы работ увогуле скасаваныя. На гэтым фоне браслаўскія дарожнікі не дасягнулі леташніх лічбаў. Тут важна адзначыць, што ў мінулым годзе ў сувязі з падрыхтоўкай да «Дажынак» увесь наш раён нагадваў вялікую будоўлю і сёлета лічбы істотна праселі ў многім менавіта з-за таго, што планка была ўзнята вельмі высока. «Тым не менш дарожнае будаўніцтва не спыняецца. Жыццё ідзе наперад, а разам з ім і наша галіна. А што тычыцца праблем, то яны былі, ёсць і будуць. А мы на тое і тут, каб іх вырашаць», — рэзюмаваў В. Радчанка і павіншаваў свой калектыў са святам.

Урачыстую ноту падтрымаў і Аляксандр Баданін. Ён нагадаў, што сам з’яўляецца выхадцам з дарожнай сферы і адзначыў, што гэтым фактам ганарыцца. «Вы робіце вельмі важную справу — будуеце дарогі і падтрымліваеце іх у належным стане. Сёння ў зоне вашай адказнасці іх звыш 800 кіламетраў — гэта вялізная лічба. Але заўважу: там, дзе дарога, а не напрамак, там і цывілізацыя», — сказаў кіраўнік раёна.

А. Баданін таксама павіншаваў прысутных з прафесійным святам, пажадаў ім стабільнай работы, устойлівага фінансавання, здароўя і дабрабыту, пасля чаго ўручыў раённыя ўзнагароды. ■

Вячаслав КАЛАДЫНСКІ