Калектыў фермы «Друсевічы» — адзін з лепшых працоўных калектываў Браслаўшчыны

Власть и общество
Калектыў фермы «Друсевічы» ў СВК «Маяк Браслаўскі» лічыцца самым маладым. Мала таго, што тут працуюць прыгожыя жанчыны, сярэдні ўзрост якіх не перавышае 40 гадоў, дык яшчэ ўсе яны толькі два гады таму назад звязалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Але трэба адзначыць, што гэта зусім не перашкаджае ім атрымліваць добры вынік на працы, быць лепшымі ў дасягненні вытворчых паказчыкаў у сваім сельгаспрадпрыемстве і сапернічаць з іншымі калектывамі ў вобласці.

Толькі сёлета па выніках прафсаюзнага спаборніцтва яны атрымалі тры дыпломы. На гэты раз абласную ўзнагароду ўручылі цялятніцы Ганне Ходзюш. Начальнік райсельгасхарча Мікалай Бараноўскі і старшыня раённага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка чарговы раз сустрэліся з калектывам фермы, каб пагутарыць і падзякаваць за стараннасць і працавітасць.

Хваліць работніц і галоўны заатэхнік сельгаскааператыва Леанід Барткевіч. Ён расказаў, што прыемна здзіўляецца кожны раз, калі бачыць, з якім запалам гэтыя жанчыны працуюць. Яны падтрымліваюць адна адну, дапамагаюць. Перажываюць за кожнае цялятка і імкнуцца да высокіх вынікаў. З такім калектывам, кажа ён, можна будаваць планы і ставіць больш высокую планку па вытворчых паказчыках.

Дарэчы, падчас сустрэчы Л. Барткевіч паведаміў работніцам, што з наступнага года на ферму будуць прывозіць не двухмесячных цялят, а нованароджаных — ва ўзросце 21-го дня.

— Такая задумка была ў кіраўніцтва гаспадаркі з моманту адкрыцця фермы, — расказвае галоўны заатэхнік, — але даверыць маленькіх цялят жывёлаводам без вопыту ніхто не рызыкнуў. Сёння ж гэтыя жанчыны даказалі сваю працаздольнасць і зацікаўленасць, а мы ўпэўніліся, што такім, як яны, можна давяраць самую адказную работу. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ