З гісторыі лясной гаспадаркі раёна

Калейдоскоп
Сёлета свой 25-гадовы юбілей адзначыла найбуйнейшая ўстанова раёна — Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». Аднак гісторыя лясной гаспадаркі на Браслаўшчыне мае значна больш доўгую і багатую гісторыю. Мы пашукалі цікавыя факты з гісторыі развіцця гэтай сферы.

Паводле публікацыі ў раённай газеце, браслаўскія лесаводы за перыяд з 1945 па 1965 гг. выканалі даведзены ім 20-гадовы план ахоўных насаджэнняў і пасадзілі лес на плошчы амаль 118 тысяч гектараў.

У 1964 годзе пры Браслаўскай васьмігодцы было створана школьнае лясніцтва. За ім замацавалі масіў у 133 га. За 10 гадоў існавання юныя лесаводы пасадзілі дзясяткі гектараў лесу, сабралі каля 10 тон шышак дрэў хвойных парод, развешвалі шпакоўні, агароджвалі мурашнікі і аказвалі дапамогу ў тушэнні пажараў.

У 1965 годзе калектыў цэху прадметаў шырокага ўжытку Браслаўскага лясгаса аказаў дапамогу вінаградарам Азербайджанскай ССР: браслаўчане нарыхтавалі і адправілі ў Закаўказзе 12 тыс. штук вінаградных калкоў.

У верасні 1966 года супрацоўнікі лясной сферы раёна ўпершыню адзначылі Дзень работнікаў лесу.

У 1973 годзе на Браслаўшчыне было закладзена 240 гектараў новых лясоў. Асноўную частку складалі хваёвыя — 213 га і толькі 27 — змешаныя пасадкі сасны і бярозы. Самы вялікі лясны масіў быў закладзены на востраве Чайчын, што на возеры Струста. Маладыя дрэўцы занялі тут 22 га.

Работнікі Браслаўскага лясгаса актыўна займаліся і нарыхтоўкай дароў лесу. Так, вясной 1973 года лясніцтвы сабралі і здалі на Пастаўскі кансервавы камбінат 42 тоны бярозавага соку. Асабліва вызначыліся калектывы Дубраўскага і Відзаўскага лясніцтваў. Збіралі і журавіны. За палову верасня работнікі Богінскага, Ёдскага і Эйвідавіцкага лясніцтваў сабралі і здалі 15 тон журавін.

У 1975 годзе ўсе лясніцтвы яшчэ ў маі выканалі пяцігадовы план пасеву і пасадкі лесу на 101,1 % і дадаткова заклалі 220 га новых насаджэнняў. Усяго ж за 5 гадоў было высаджана 1 213 га лясоў. У выніку на той час чвэрць усіх лясоў Браслаўскага раёна з’яўлялася тварэннем рук людзей.

Тэхнічная аснашчанасць дазваляла хутчэй праводзіць неабходныя работы. Так, у 1975 годзе Браслаўскі лясгас валодаў 10 аўтамашынамі і 13 трактарамі.

Займаліся лесаводы Браслаўшчыны і нарыхтоўкай сыравіны для «зялёнай аптэкі». У 1978 годзе яны сабралі 35 кг бярозавых і сасновых пупышак, 17 кг багульніка, 56 кг альховых шышачак і іншых лекавых раслін.

З мэтай памяншэння шкоднага ўздзеяння на прыроду выканкам раённага Савета народных дэпутатаў ў 1978 годзе прыняў спецыяльнае рашэнне, згодна з якім да лясных участкаў, на якіх быў дазволены адпачынак, адносілася ўрочышча «Перавалока», Окменіца, Жалібор, Леснічоўка, Рог і гара Мілосці, што на беразе воз. Недрава.

У жніўні 1979 года Саветам Міністраў БССР на тэрыторыі раёна ў дадатак да існуючага ландшафтнага заказніка «Міжазёрны» былі аб’яўлены яшчэ два рэспубліканскага значэння — заказнік-журавіннік «Забалоцце» і азёрны заказнік «Рычы».

Вясной 1982 года работнікі Браслаўскага лясгаса здалі ў гандлёвую сетку 120 тон бярозавага соку, летам — каля 10 тон ягад, тону лекава-тэхнічнай сыравіны. Мелася 250 пчоласем’яў.

У 1990 годзе калектыў Браслаўскага лясгаса заняў 3 месца ў рэспубліцы па прафілактыцы пажараў у лясах.

У 1995 годзе на тэрыторыі раёна быў створаны Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». Яго плошча склала 71,5 тысячы га. Граніцы парка працягнуліся больш чым на 200 км. У ім напачатку працавалі 183 чалавекі, а сёння — ужо 645. ■

Алена НАБЕЕВА