На Браслаўшчыне прайшоў раённы суботнік

Актуальное
Восень — работ восем. Гэтая народная мудрасць выдатна адлюстроўвае цяперашнія паўсядзённыя клопаты. І адзін з іх — навядзенне парадку перад зімой на прыдамавых тэрыторыях і ў грамадскіх месцах.

Менавіта таму мінулая субота на Браслаўшчыне была прысвечана добраўпарадкаванню. Хутка зіма, таму неабходна паспець сабраць лістоту, абкасіць, дзе неабходна, траву, высекчы хмызняк. Гэтыя і іншыя работы былі арганізаваны ва ўсім раёне ў рамках суботніка.

На працягу «дня чысціні» кожны жыхар Браслаўшчыны мог унесці пасільны ўклад у агульную справу навядзення парадку на зямлі і заняцца зборам лістоты ці смецця ва ўласных дварах, на вуліцах і прамысловых тэрыторыях. Дажджлівае надвор’е ўнесла карэктывы ў задумкі браслаўчан: запланаваныя работы пачаліся пазней вызначанага часу. Тым не менш людзі ўсё ж такі выйшлі на добраўпарадкаванне і шчыра папрацавалі. У прыватнасці, вялікая работа кіпела ў парку па вуліцы Булойчыка, у Леснічоўцы, на тэрыторыях, прылягаючых да райвыканкама, ДШМ, РЦК, бібліятэкі, і ў іншых кутках горада. Не адставалі ад гараджан і жыхары сельскай мясцовасці.

Разам з тым добраўпарадкаванне нашага краю не павінна абмяжоўвацца толькі адным суботнікам. Захоўваючы чысціню і парадак вакол сябе, мы ў першую чаргу паказваем, што паважаем адзін аднаго і клапоцімся пра тое, каб наша малая радзіма была прыгожай і ўтульнай. ■

Алена НАБЕЕВА.