Перамогу прынёс прадуманы праект. Яслі-сад № 1 г. Браслава стаў пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Праходзячы па вуліцы Кастрычніка, нельга не заўважыць зручныя гульнявыя пляцоўкі, арыгінальныя стракатыя клумбы, забаўныя архітэктурныя формы ясляў-сада № 1. Дадаць сюды добрае азеляненне, дагледжаныя газоны, чыста падмеценыя дарожкі — і становіцца зразумелым, чаму менавіта гэта дашкольная ўстанова перамагла ў штогадовым раённым аглядзе-конкурсе.

Тэрыторыя дзіцячага сада адыгрывае важную ролю ў жыцці яго выхаванцаў, бо яны праводзяць на свежым паветры шмат часу. Акрамя эстэтычнай складаючай, прастора каля будынка ўстановы забяспечвае дадатковую магчымасць развіваць дашкольнікаў праз зносіны з навакольным светам. І ад таго, наколькі дагледжанымі, разумна спланаванымі і прыгожымі будуць участкі, залежыць не толькі камфорт дзетак, але і іх выхаванне, а таксама бяспека.

Загадчык ясляў-сада № 1 г. Браслава Вольга Шымуковіч расказвае: «Наш калектыў аб’ядноўвае наступнае перакананне: хочацца, каб выхаванцы да нас ішлі з жаданнем. А першае, што бачаць і дзеці, і іх бацькі, гэта тэрыторыя дзіцячага сада — яе смела можна назваць візітнай карткай установы. Ды і асноўны прынцып работы дашкольнай установы засноўваецца на тым, што малыя павінны жыць у свеце прыгажосці, гульні, казкі, творчасці і г. д. Таму літаральна ўсе нашы работнікі ўключыліся ў добраўпарадкаванне, вельмі дапамаглі і бацькі».

Мноства ідэй па афармленні сваёй тэрыторыі супрацоўнікі звялі ў адзін праект амаль два гады таму назад, а затым паступова сталі ўвасабляць яго ў жыццё. Асабліва шмат часу ўдзялілі гэтай важнай справе намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Сняжана Астапковіч і кіраўнік фізічнага выхавання Алена Сцільба. За клумбамі сочыць загадчыца гаспадаркі Галіна Станкевіч, ды і многія іншыя работнікі прыклалі рукі да догляду за кветкамі: збіраюць насенне, самі вырошчваюць расаду. Увогуле прыгажосць гэта мімалётная, але граматнае планаванне дазваляе захоўваць кветнікі прывабнымі доўгі час. Да таго ж кожны з іх, маючы свой індывідуальны стыль, гарманічна ўпісваецца ў афармленне дворыка. Многія адзначаюць чысціню і парадак, што падтрымліваюцца вакол ясляў-сада, — гэта заслуга дворніка Сяргея Патроцына.

Паступова тэрыторыя дашкольнай установы прырастала малымі архітэктурнымі і гульнявымі формамі, дэкаратыўнымі элементамі. Са спартыўным абсталяваннем дапамагла раённая арганізацыя РГА «Белая Русь». Бацькі выхаванцаў зрабілі навучальныя дапаможнікі, лесвіцы да горак, карабель на пляцоўцы санаторнай групы. Прычым яны не проста адгукаюцца на прапановы, а самі праяўляюць ініцыятыву: так ля будынка з’явіліся прыгожыя туі. ■