Вада, святло и дарогі. З якімі пытаннямі сяльчане прыйшлі на прыём да дэпутата

Власть и общество
Прамы дыялог прадстаўнікоў улады з насельніцтвам быў і застаецца адным з самых дзейсных механізмаў зваротнай сувязі і вырашэння надзённых пытанняў. Гэты пастулат чарговы раз пацвердзіў выязны прыём грамадзян, які ў Цяцеркаўскім сельсавеце правяла старшыня Браслаўскага раённага і дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Ніна Пучынская.

Пытанні, з якімі да яе прыходзілі мясцовыя жыхары, нельга назваць новымі, аднак менш актуальнымі ад гэтага яны не становяцца.

Так, жыхарка Цяцерак звярнула ўвагу Н. Пучынскай на занепакоенасць яе аднавяскоўцаў водазабеспячэннем населенага пункта.

«Набліжаецца зіма, а значыць, і пара аварый. Мы ж яшчэ летась адчулі на сабе, што значыць неўладкаванасць усёй гэтай гаспадаркі», — аргументавала жанчына. Сапраўды, сеткі старыя, будаваліся яны, як кажуць, усім светам і без адзінага падыходу. Цяпер жа хоць фармальна і знаходзяцца на балансе сельгаспрадпрыемства, аднак рэальнага гаспадара практычна не маюць, таму і даглядаць іх няма каму.

Тым часам Ніна Пучынская адзначыла, што праблему раённыя ўлады ведаюць, ужо выпрацаваны накірункі для выйсця са складанай сітуацыі. Па яе словах, на абласным узроўні прынята рашэнне па перадачы сетак і водазабораў адной спецыялізаванай арганізацыі — у нашым выпадку «Міёрыводаканалу». У раёне ўжо таксама актыўна вядзецца адпаведная работа з тым разлікам, каб завяршыць працэдуру якраз да зімы. Водаправод у Цяцерках на гэтым фоне стапрацэнтна ўвойдзе ў спісы перадачы. «На самай справе гэта вельмі важна, бо прыналежнасць сістэмы аднаму ўладальніку, які да таго ж добра разбіраецца ў тэме, мае спецыялістаў і тэхніку, здымае многія пытанні і павышае якасць абслугоўвання. Будзе гаспадар — будзе і парадак», — падкрэсліла старшыня райсавета.

Між іншым цяцеркаўчанка закранула яшчэ адзін праблемны момант — стан вулічнага асвятлення. Яна паскардзілася на вельмі доўгі тэрмін замены перагарэлых лямпачак. Н. Пучынская патлумачыла, што пэўныя цяжкасці ў сферы сапраўды маюць месца і звязана гэта са зменамі ў механізмах фінансавання і размеркавання сродкаў. Іншымі словамі, калі раней грашамі распараджаўся сам сельсавет, то цяпер — адзіны цэнтр. Тым не менш сістэма ўжо адладжана і працуе, а таму засталося толькі сабраць некалькі аднатыпных заявак з адной мясцовасці (так танней) і закрыць пытанне.

Жыхарка аграгарадка Мількі, дарэчы, дэпутат мясцовага Савета, прыйшла на прыём па просьбе аднавяскоўцаў. Яе зварот тычыўся стану дарогі да аднаго з населеных пунктаў. «У мокрую пару пакрыццё раскісае і праехаць там можна хіба што на веласіпедзе. А тым часам гэтая дарога — адзіны шлях да вёскі, хоць і невялічкай. Там жывуць людзі, некаторыя па стане здароўя часта выклікаюць «хуткую дапамогу», якая не заўсёды можа праехаць. Мяне як фельчара ФАПа гэта вельмі хвалюе», — расказала мількаўчанка.

Аналагічнае пытанне падняў і жыхар гэтай самай вёскі, з той толькі розніцай, што агучыў яго па тэлефоне.

Ніна Пучынская выказала занепакоенасць праблемай і нават выехала на месца, дзе дасканала вывучыла пытанне. Сітуацыя з дарогай там склалася няпростая: пераўвільготненае месца і адсутнасць канаў не дазваляць хутка спусціць ваду, а аб’ехаць няма дзе. Адзінае выйсце — падсыпаць праезд жвірам. Зрабіць гэта ў кароткі тэрмін даручана мясцоваму сельгаспрадпрыемству, на балансе якога, як высветлілася, і знаходзіцца дарога.

Акрамя прыёму грамадзян, Н. Пучынская зазірнула ў магазін у Мільках, які яшчэ нядаўна быў тут літаральна пытаннем нумар адзін, пагаварыла з жыхарамі аграгарадка. Людзі выказвалі задаволенасць новай гандлёвай кропкай, дзякавалі ўладам і прадпрымальніцы за вырашаную праблему. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ