Аператары свінакомплексу «Маяка Браслаўскага» зноў лепшыя ў вобласці

Люди
Нашы пастаянныя чытачы ўжо, напэўна, ведаюць аператараў свінагадоўчага комплексу па тварах, бо іх імёны і фотаздымкі часта з’яўляюцца на старонках «Браслаўскай звязды». І сапраўды, работнікі «Маяка Браслаўскага» — пастаянныя пераможцы абласнога прафсаюзнага спаборніцтва па вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі.

На днях начальнік райсельгасхарча Мікалай Бараноўскі і старшыня прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна Мікалай Вялічка наведаліся да «маякоўцаў», каб падзякаваць за шчырую працу работнікам і ўзнагародзіць пераможцаў.

Гэты раз такіх было аж трое. На прыступку абласнога п’едэсталу ўздымаліся кожны месяц па адным «маякоўскім» аператары па вырошчванні і адкорме свіней. У ліпені першае месца заняла Лілія Камінская, у жніўні пераможніцай спаборніцтва стала Алеся Шэмель, а ў верасні ўжо на другую прыступку ўзнялася Іна Казлоўская. Усе гэтыя жанчыны працавітыя, любяць сваю справу і адносяцца да яе з адказнасцю — менавіта так характарызуе іх начальнік свінагадоўчага комплексу Яўген Ракіцкі.

Мікалай Бараноўскі ўручыў пераможніцам граматы і пажадаў новых працоўных перамог. Далучыўся да віншаванняў і Мікалай Вялічка, які падарыў жанчынам кветкі і павіншаваў з Днём маці. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ