Іказненскі СДК-лепшая сельская ўстанова культуры ў плане добраўпарадкавання

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Калі заходзіш у фае Іказненскага сельскага дома культуры, адразу разумееш: тут працуюць творчыя асобы. Загадчыца ўстановы Ірына Корвель, культарганізатар Галіна Шпадарук і бібліятэкар Ірына Лясюк стварылі ўтульную атмасферу, каб кожны наведвальнік, пераступаючы парог, адчуваў, што трапіў у храм культуры.

Кожны месяц фае ўпрыгожваюць тэматычныя творчыя выставы, такія як «Бабуліны карункі», «Калядныя традыцыі», «Свет лялек», «Пра родны край з любоўю» і іншыя. Прываблівае позірк і вугалок быту нацыянальнай беларускай культуры. Яго пачатак быў пакладзены дзякуючы мясцовай жыхарцы Алене Умпіровіч, якая перадала са школы ва ўстанову культуры даўнюю мэблю. Культработнікі аформілі вугалок, папоўнілі яго экспанатамі.

Дагледжана вакол Дома культуры і тэрыторыя. Да Дня Вялікай Перамогі супрацоўнікі Браслаўскай ЦРБ рэстаўрыравалі тут помнік у гонар землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Ірына Корвель як асоба творчая падумала, што побач з помнікам на прасторным газоне не хапае малой архітэктурнай формы, якая б падкрэслівала смутак нашчадкаў па загінулых воінах. Яе ідэю падтрымаў сельвыканкам: са сродкаў добраўпарадкавання населеных пунктаў сельсавета ён аплаціў металічную канструкцыю журавоў, вырабленую ў Відзаўскім каледжы. Затым жанчыны з СДК дружна аформілі кампазіцыю, аздобілі яе кветкамі. Даглядаюць яны і прыдарожную клумбу «Вітаем», якая пад кіраўніцтвам старэйшыны Мікалая Капусціна была акультурана нанова летась. ■