Найважнейшая задача. Як аграрыі Браслаўскага раёна рыхтуюцца да зімы

Экономика и финансы
Падышоў да завяршэння сезон выпасу буйной рагатай жывёлы. Гаспадаркі раёна заганяюць пагалоўе пад дахі. Гэты працэс праходзіць даволі марудна, але надвор’е і колькасць кармоў на пашы дазваляюць жывёлаводам завяршыць неабходныя работы па падрыхтоўцы будынкаў і тэхнікі да зімова-стойлавага перыяду. Як ідуць справы ў сельгаспрадпрыемствах, «Браслаўскай звяздзе» расказаў начальнік райсельгасхарча Мікалай Бараноўскі.
— Мікалай Уладзіміравіч, практыка паказвае, што своечасовая падрыхтоўка ферм шмат у чым вызначае поспех зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы. У якім стане знаходзяцца аб’екты жывёлагадоўлі перад будучай зімоўкай?

— Трэба сказаць, што часу для таго, каб прывесці фермы ў належны стан, было дастаткова. Разумею, што ў многіх гаспадарках няма сродкаў для глабальных рамонтаў, але вычысціць, правесці дэзынфекцыю, пабяліць памяшканні і падрамантаваць вокны, дзверы, святло, паільнікі, сістэму гноевыдалення — гэта невялікія грашовыя затраты, проста павінен быць гаспадарскі падыход і людзі з рукамі. Тут жа адзначу, што распачыналі працу амаль ва ўсіх прадпрыемствах марудна, дзесьці зусім адклалі да лепшага часу. Але чым бліжэй падыходзіла пара ставіць жывёлу пад дах, тым хутчэй пайшлі работы. Між тым прыемна ўсведамляць, што вялікіх праблем з працэсам пераходу на зімова-стойлавае ўтрыманне не было і, спадзяюся, не будзе. Ёсць такія спецыялісты, хто падышоў да справы па-гаспадарску, з разуменнем важнасці гэтага працэсу, напрыклад, як заўсёды, «маякоўцы». Амаль не адсталі ад іх у ААТ «Агравідзы», «Бярозавы край», ПГ «Урбаны». Няблага падрыхтаваліся і ў «Мяжанах», «Відзаўскім». А вось некаторыя быццам бы таксама працавалі, але тут недарабілі, там недабялілі. На гэтым тыдні большая частка пагалоўя раёна ўжо на фермах. Тыя, хто па нейкіх прычынах пакуль не завёў жывёлу ў памяшканні, трымаюць яе побач з будынкамі.

— Пастаноўку ў хлеў жывёла заўсёды пераносіць складана: надоі становяцца меншымі. Як справы сёлета?

— Безумоўна, для жывёлы гэты пераход прыносіць стрэс: без свежага паветра, прагулак і з абсалютна іншым рацыёнам. Паціху яна прывыкае да новага распарадку дня, кармлення і стойлавага ўтрымання. У час пераходу абсалютная большасць гаспадарак недалічылася немалой колькасці надояў. Цяпер перад сельгаспрадпрыемствамі раёна стаіць задача зноў павялічыць аб’ём малака і стабілізаваць яго.

— Адным з найважнейшых паказчыкаў дзейнасці любой гаспадаркі з’яўляецца добрая кармавая база. Ці дастаткова нарыхтавана кармоў у гэтым годзе, каб бязбедна перазімаваць?

— Мінулы год быў засушлівы, і травы раслі марудна — гэта была асноўная прычына адносна невялікай колькасці нарыхтаваных кармоў, але і іх хапіла ўсім гаспадаркам: нідзе жывёла не стаяла галодная. Сёлета прырода пашкадавала аграрыяў Браслаўшчыны: травастой быў дастойны, таму дбайныя гаспадары з запасам нарыхтавалі і сена, і сенажу, і сіласу. Так, у гэтым годзе сельгаспрадпрыемствы раёна ўсяго назапасілі 36 121 тону кармавых адзінак. Такім чынам, атрымалася ў сярэднім па 24,19 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 4,82 ц к. адз. больш, чым летась. Абсалютна ўсе гаспадаркі раёна ўжо нарыхтавалі кармоў больш, чым у мінулым годзе, а тым часам яшчэ 23 % кукурузы стаіць на карані. Таму асаблівых складанасцей з кормам не павінна ўзнікнуць.

— Мікалай Уладзіміравіч, якія мэты ставіць кіраўніцтва перад сельгасвытворцамі раёна ў зімова-стойлавы перыяд?

— Безумоўна, усё зацыклена на малацэ і мясе. Каб бязбедна існаваць, трэба павялічыць аб’ёмы надояў, сярэднясутачныя прывагі, надаючы вялікую ўвагу якасці. Сёння якаснае малако — гэта тая прадукцыя, рэалізацыя якой паляпшае дабрабыт любой гаспадаркі і дазваляе выплачваць дастойную заработную плату.

— Дзякуй за змястоўную размову. ■
 Вольга ПАТАПОВІЧ