У Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстаўка майстроў, працуючых з паперай

Отдых
Супрацоўнікі Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў добра ведаюць, як разнастаіць вольны час браслаўчан. Напрыклад, яны заўсёды арганізуюць цікавыя мерапрыемствы. Адно з такіх адбылося на мінулым тыдні.

У музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстаўка, на якой прадстаўлены работы тых майстроў, што працуюць з паперай. Гэты тонкі і далікатны матэрыял, аказваецца, ва ўмелых руках можа ператварацца ў вялікія кошыкі, цацкі, аб’ёмныя скульптуры, вытанчаныя букеты, пано на сцяну і інш.

Работы на выстаўцы выкананы ў розных тэхніках: аплікацыя, квілінг, пляценне, арыгамі, мадэліраванне. Больш за 14 майстроў падрыхтавалі свае вырабы на агляд браслаўчанам. Напрыклад, нікога не пакінулі абыякавымі вытанчаныя работы Жанны Бароўка, роўна як і яе кветкавыя кампазіцыі ў стылі світфларыстыка. Цэлую серыю ілюстрацый з паперы на тэму «Тарас на Парнасе» падрыхтавала і Вольга Лакотка. Арыгінальнасцю дэталяў і задумай вылучаліся паштоўкі Алены Бялусь. Сваім майстэрствам чарговы раз здзівіў Мікалай Дзянісаў і іншыя таленавітыя браслаўчане.

Падчас адкрыцця экспазіцыі ў наведвальнікаў была магчымасць пазнаёміцца з аўтарамі прадстаўленых сувеніраў. Прыехала з Мінска і Алена Шаліма, чые папяровыя пано ў тэхніцы выцінанкі доўгі час выстаўляліся ў музеі. Яна расказала прысутным пра свае захапленні. З цікавасцю слухалі наведвальнікі музея і іншых аўтараў, якія прыйшлі на мерапрыемства.

Выстаўка будзе працаваць да канца лістапада. ■

Алена НАБЕЕВА