Дзень Савета на Цяцеркаўскай зямлі. Што на парадку дня?

Главное
Ацаніць эфектыўнасць узаемадзеяння суб’ектаў у справе навядзення парадку на зямлі і на свае вочы пабачыць перадавы вопыт у сферы фермерства меў магчымасць актыў раёна падчас выезду ў Цяцеркаўскі сельсавет, што адбыўся ў чацвер.

Нагадаем, правядзенне так званых дзён Савета ўжо трывала замацавалася ў парадку дня работы раённых улад. Такая практыка — выдатная нагода для абмену вопытам, дзейсны інструмент вырашэння мясцовых праблем, эфектыўны спосаб выпрацоўкі новых ідэй і механізмаў іх рэалізацыі. І ўсё гэта, як ужо неаднаразова падкрэслівала старшыня райсавета Ніна Пучынская, мае сваёй мэтай забеспячэнне жыццядзейнасці рэгіёна і павышэнне якасці жыцця яго насельніцтва.

Між іншым, цяцеркаўскі край не можа пахваліцца вялікай колькасцю жыхароў: тут жыве менш за тысячу чалавек. Нават найбольш буйныя населеныя пункты — Іказнь, Мількі і Цяцеркі (першыя два, дарэчы, маюць статус аграгарадкоў) — на фоне, напрыклад, суседніх сельсаветаў выглядаюць у плане дэмаграфічных лічбаў адносна сціпла. Адсюль і пэўныя цяжкасці, бо бізнес, інфраструктура і нават банальныя падатковыя паступленні падцягваюцца ўслед за людзьмі. Прычым мадэль гэтая працуе і ў адваротным накірунку. А затраты на тыя ж дарогі і забеспячэнне элементарных сацыяльных стандартаў у пэўным сэнсе канстанта, якую ў любым выпадку трэба мець на ўвазе.

У такіх умовах работа мясцовых улад набывае асаблівую значнасць. Гэта ў Цяцерках добра разумеюць, таму крылаты выраз «адзін у полі не воін» тут не пусты гук, а літаральна крэда. Па словах старшыні сельсавета Іны Лысенка, узаемадзеянне і ўзаемадапамога паміж арганізацыямі, дэпутацкім корпусам і насельніцтвам — самы эфектыўны спосаб вырашэння надзённых пытанняў. Праўда, колькасць суб’ектаў, на якія можна было б абапірацца, скарачаецца. Напрыклад, устаноў адукацыі на падведамаснай тэрыторыі ўжо не засталося ўвогуле. А менавіта педагогі нярэдка становяцца і генератарамі ідэй, і сілай для іх увасаблення ў жыццё. На гэтым фоне сельвыканкам знайшоў істотную падтрымку ў сферы культуры: на тэрыторыі савета дзейнічаюць тры ўстановы, чые супрацоўнікі літаральна сталі правай рукой мясцовай улады.

Падстаўляе плячо і прыватны бізнес. Так, індывідуальны прадпрымальнік закрыў вострае сацыяльнае пытанне ў Мільках, дзе пасля ліквідацыі райпа даволі працяглы час не было магазіна. Тры фермерскія гаспадаркі паспяхова займаюць вытворчыя нішы і землі, не запатрабаваныя больш буйнымі сельгасарганізацыямі. Турыстычныя паслугі аказваюць 7 аграэкасядзіб. «Узаемадзейнічаць, а не канкурыраваць. Дапамагаць адзін аднаму, а не чыніць перашкоды», — такога пункту гледжання прытрымліваецца старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін, маючы на ўвазе адносіны паміж прыватнікам і дзяржаўнымі структурамі.

Што тычыцца бягучых накірункаў для прыкладання намаганняў, то ў Цяцеркаўскім сельсавеце яны такія ж, як і ў іншых: дарогі, баршчэўнік, пустуючыя дамы, бяспека, добраўпарадкаванне і інш. Дарэчы, менавіта пытанні навядзення парадку на зямлі нярэдка становяцца найбольш актуальнымі і патрабуюць кансалідацыі сіл. Так было летась, калі раён рыхтаваўся да абласных «Дажынак», так і сёлета, калі ў сельсавеце працягваюць упрыгожваць грамадскія месцы, саджаць дрэвы, устанаўліваць малыя архітэктурныя формы. Кіраўніцтва раёна высока ацэньвае зробленае, але Аляксандр Баданін завастрае ўвагу на неабходнасці думаць над тым, што будзе заўтра. «Зрабілі клумбу — добра. У гэтай справе дапамаглі іншыя арганізацыі — малайцы. Але жыць толькі сённяшнім днём не варта: ужо цяпер трэба планаваць будучыя работы», — арыентуе ён.

Ніна Пучынская тым часам заклікае падцягнуць іншыя і не менш важныя аспекты дзейнасці органаў мясцовага кіравання: выкананне бюджэту, падрыхтоўку і продаж зямельных участкаў, знос старых пабудоў, вырашэнне праблем насельніцтва. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ