Урачыстае мерапрыемства да Дня работнікаў культуры прайшло ў Браславе

Отдых
Святочным канцэртам і ўручэннем узнагарод адзначылі сваё прафесійнае свята работнікі культуры Браслаўшчыны.

У прыгожай зале ДШМ сабраліся прадстаўнікі розных устаноў культуры раёна. Прыгожыя, з усмешкамі, кветкамі і творчымі віншаваннямі адзін для аднаго. У такой сяброўскай кампаніі яны сустракаюцца толькі падчас правядзення канцэртаў ці выездаў для ўдзелу ў абласных мерапрыемствах, але ж там — працуюць, а тут сабраліся, каб адпачыць і пачуць заслужаныя словы ўдзячнасці за сваю працу, якая патрабуе вялікіх душэўных і творчых намаганняў.

Са сцэны да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Чагарына. Яна шчыра падзякавала за сумленную дзейнасць і дасягненні спецыялістам, а таксама ўручыла карпаратыўныя падзякі. Іх уладальнікамі сталі намеснік дырэктара РЦК Алена Зубко, загадчык метадычнага аддзела Марына Сініца, тэхнічны работнік Наталля Жыхарава і інжынер цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Сяргей Нямыткін. Атрымалі падзякі і калектывы, якія часта выступаюць на мерапрыемствах рознага ўзроўню: народны тэатр мініяцюр «Покер», народныя ансамблі «Сябрына» і «Вярба», Іказненскага дома культуры і Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра. Падзячныя лісты ўручылі і прадстаўнікам тых арганізацый, якія часта супрацоўнічаюць з работнікамі культуры падчас розных мерапрыемстваў: Святлане Усавай з цэха па вырабе сыроў і Віктару Міцько з філіяла «Браслаўрыба» Глыбоцкага МКК.

У ходзе свята былі ўручаны ўзнагароды ад Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму народнаму хору ветэранаў РЦК і Браслаўскай дзіцячай школе мастацтваў. З рук старшыні раённай арганізацыі Наталлі Няміра іх атрымалі акампаніятар хору Канстанцін Каралевіч і дырэктар установы Ганна Лабуць.

Не абышлі ўвагай на мерапрыемстве маладое папаўненне дружнай сям’і культработнікаў — спецыялістаў, якія пачалі свой працоўны шлях у Дрысвяцкім і Відзаўскім дамах культуры, — Вікторыю Барзянкову і Анастасію Грыдзюшка. Ім пажадалі плённай і доўгай творчай працы на Браслаўшчыне. Словы ўдзячнасці прагучалі таксама і ў адрас ветэранаў культуры, якія шмат гадоў аддалі сваёй справе.

Завяршылася святочнае мерапрыемства творчым капуснікам. ■

Алена НАБЕЕВА