Спецыяліст адказала на актуальныя пытанні наконт пенсій

Спрашивайте-отвечаем
Змены ў заканадаўстве, што рэгулюе пенсіённае забеспячэнне, часам выклікаюць у беларусаў пытанні. Вось і браслаўчане, якія выйшлі на заслужаны адпачынак ці збіраюцца гэта зрабіць, бывае, сутыкаюцца з сітуацыямі, калі не зусім разумеюць умовы налічэння пенсіі або яе памер не апраўдвае іх чаканняў. На пытанні, што хвалююць чытачоў «Браслаўскай звязды», адказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Інэса Пашкевіч.
— У мяне не хапае неабходнага страхавога стажу, і ў 65 гадоў атрымаю толькі сацыяльную пенсію ў памеры 128 рублёў. Але ж я адпрацаваў на прадпрыемствах каля 16 гадоў, і гэты стаж страхавы. Чаму памер сацыяльнай пенсіі ў мяне будзе такі ж, як у тых, хто ні дня не працаваў?

— Цяпер памер сацыяльных пенсій па ўзросце аднолькавы для ўсіх і складае 50 % бюджэту пражытачнага мінімуму. Але згодна з Указам № 171 «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», з 1 студзеня 2021 г. мужчыны, якія дасягнулі ўзросту 65 гадоў (жанчыны — 60 гадоў) i маюць страхавы стаж не меншы за 10 гадоў, але меншы за патрэбны поўны, набудуць права на працоўную пенсію па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы. Так, пры наяўнасці страхавога стажу ад 10 да 17 гадоў ў 2021 годзе памер пенсіі будзе складаць ад 73 да 94 % БПМ пенсіянера.

— У мяне чацвёра дзяцей. Калі прызначалі пенсію, у агульны стаж залічылі толькі 9 гадоў па іх доглядзе. Ці чакаць мне змен?

— З 1 студзеня 2021 года для назначэння пенсiй маці, якія нарадзілі чатырох і больш дзяцей, у агульны стаж працы будуць залічвацца перыяды догляду малалетніх дзецей, але ў межах 12 гадоў (цяпер — 9 гадоў). Гэтая норма будзе прымяняцца не толькі пры першасных прызначэннях пенсій, але і да тых, што ўжо выплачваюцца. Новую суму пенсіі можна будзе атрымаць у наступным пасля звароту за пераразлікам месяцы. Для гэтага трэба звярнуцца ў снежні 2020 года ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама з заявай і дакументамі, якія пацвярджаюць нараджэнне дзяцей і выхаванне іх да 3-гадовага ўзросту (калі такія паперы адсутнічаюць у матэрыялах пенсіённай справы).

— Атрымліваю пенсію па ўзросце, каэфіцыент заробку 0,9. Планую пайсці на працу з невысокай зарплатай. Ці страчу я нешта ў пенсіі?

— Калі індывідуальны каэфіцыент заробку пенсіянера не перавышае 1,3, то ў перыяд работы (службы) або тэрмін, на працягу якога пенсіянер з’яўляўся індывідуальным прадпрымальнікам, пенсія выплачваецца ў поўным памеры. Таму вы нічога не страціце.

— З 1988 года па 1994-ы я працаваў у Эстоніі. Пры прызначэнні мне пенсіі ў 1999 годзе не ўключаны ў стаж перыяд пасля 31 снежня 1991 г. Няўжо тры гады працы прапалі?

— З 1 сакавіка 2020 г. дзейнічае Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Эстонскай Рэспублікай аб сацыяльным забеспячэнні, які распаўсюджваецца на грамадзян, што пастаянна пражываюць у гэтых краінах і маюць стаж на іх тэрыторыі. Згодна з ім, кожная дзяржава прызначае (вылічвае) і выплачвае пенсію за стаж, набыты на яе тэрыторыі і ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. Пры гэтым Беларусь улічвае стаж на тэрыторыі былой Беларускай ССР, а Эстонія — стаж на тэрыторыі Эстонскай ССР.

Пенсіі, прызначаныя да ўступлення ў сілу дагавора, могуць быць перагледжаны ў адпаведнасці з яго палажэннямі па заяве пенсіянера. Выплачвацца яны будуць з першага чысла месяца, наступнага за месяцам падачы адпаведнай заявы ў органы, якія назначаюць пенсіі па месцы жыхарства. Выплата пенсій, што падлягаюць пераводу з тэрыторыі адной дзяржавы на тэрыторыю другой, ажыццяўляецца кожны квартал (у апошнім месяцы квартала) ў грашовай адзінцы дзяржавы пражывання пенсіянера. ■