Пра што пісала «Браслаўская звязда» 25 гадоў таму назад (кастрычнік 1995-га)

Калейдоскоп
ЗНАЙШЛІ ЧАСОВУЮ РАБОТУ

Больш за месяц працуюць на льняных палетках гаспадарак раёна жыхары райцэнтра, якія па нейкіх прычынах засталіся без пастаяннай работы. Іх дапамога льнаводам калгаса «Зорка» дазволіла сельгаспрадпрыемству аднаму з першых убраць і здаць каштоўную сыравіну на завод. Са свайго боку праўленне таксама пайшло насустрач беспрацоўным гараджанам: па іх жаданні за працу ім плацілі мясам, збожжам і грашамі.

ДОМ МАЙСТРОЎ

Да ліку нямногіх значных падзей, што прайшлі сёлета на Браслаўшчыне, можна аднесці адкрыццё Дома рамёстваў, якое адбылося ў канцы мінулага тыдня. Пасля некалькіх гадоў рэстаўрацыі гасцінна адчыніў дзверы будынак старога млына. Гэта першая ў вобласці спроба стварыць цэнтр, што аб’ядноўвае ў сабе музеі — этнаграфіі і прыроды пад адкрытым небам і гісторыка-краязнаўчы, выставачную залу, Дом рамёстваў, кавярню і гасцёўню пры ім.

ПА НОВЫМ АСФАЛЬЦЕ

З нядаўняга часу ходзяць па новым асфальце жыхары вёскі Баравыя, што на Казяншчыне. Яна невялікая, усяго 13 двароў, у якіх жывуць 22 чалавекі, але вядомая ў раёне тым, што ў гады вайны была спалена фашыстамі разам з жыхарамі. На гэтую акалічнасць і зрабілі ўпор вяскоўцы ў лісце да Прэзідэнта. Высокія інстанцыі аператыўна адрэагавалі на просьбу сялян: з Шаркаўшчыны прыехалі дарожныя майстры, і праз Баравыя пралягла кіламетровая паласа асфальтавага пакрыцця.

ЧАМУ ЗАТРЫМЛІВАЮЦЬ ПЕНСІІ?

Пенсіянеры з Ахрэмаўцаў званілі ў рэдакцыю і абураліся, што ўжо паўгода пенсію яны атрымліваюць пасля двухтыднёвай затрымкі. Але як патлумачылі ў раённым вузле сувязі, такое становішча склалася па ўсім раёне і не па віне работнікаў пошты. Як толькі грошы паступаюць з пенсіённага фонду, адразу пачынаюцца выплаты. Пайшлі нават на тое, што грошы, атрыманыя ад падпіскі за газеты і часопісы, накіравалі на выплату пенсій, каб змякчыць сітуацыю.

ДЫФТЭРЫЯ — ХВАРОБА НЕБЯСПЕЧНАЯ

У рэспубліцы моцна пагоршылася абстаноўка па дыфтэрыі, і сёлета сітуацыя ацэньваецца як эпідэмічная. Хвароба ахапіла ўсю тэрыторыю рэспублікі, асабліва буйныя гарады і прамысловыя цэнтры. Напрыклад, цяпер у інфекцыйнай бальніцы Віцебска лечацца 40 хворых на дыфтэрыю. З агульнай колькасці захварэлых у краіне 70 % складаюць дарослыя ва ўзросце 35 – 55 гадоў. Ёсць адзіны правераны спосаб пазбегнуць дыфтэрыі — прышчэпкі: лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

ХТО НА ВАЎКОЎ?

Каб зацікавіць паляўнічых у скарачэнні колькасці шэрых драпежнікаў, аб’яўлены рэспубліканскі конкурс. Яго ўдзельнікам за кожнага знішчанага ваўка налічваюцца балы: за ваўчаня — 1, за дарослага — 2, за ваўчыцу з вывадкам — 10 плюс па балу за ваўчанят. Прадугледжана і істотнае заахвочванне: за дарослага ваўка — 7 мінімальных заработных плат, за ваўчыцу — 10, за ваўчаня — 5. Брыгада, якая займе 1-е месца, атрымае 350 МЗП, паляўнічы — 150.

ХЛЕБАРОБЫ ПРОСЯЦЬ ДАПАМОГІ

Восень з кожным днём набірае сілу, іншы раз «выскокваюць» і замаразкі. А на калгасных палях яшчэ не ўсюды прыбраны са сцелішчаў лён і выцераблены караняплоды. Райвыканкам і ўпраўленне райсельгасхарча звяртаюцца да жыхароў Браслаўшчыны з просьбай дапамагчы гаспадаркам у іх уборцы. Нельга дапусціць, каб плён працы калгаснікаў прапаў марна. Ды і дадатковы заробак не пашкодзіць любой сям’і. Для гараджан збор ля выканкама ў 8.00 штодзённа.

ПАЗБАВІЛІ СПАКУСЫ

Цікавы маршрут для паездкі ў Браслаў выбраў жыхар Шаркаўшчыны. Праігнараваўшы прамы аўтобус, ён поездам адправіўся ў Друю і ўжо адтуль, як тлумачыў пагранічнікам, збіраўся рушыць у наш горад. Але мех з 36 кг языкоў і заходжанне без дазволу ў пагранічнай зоне яскрава гаварылі пра яго сапраўдны накірунак. Таму, каб пазбавіць «госця» спакусы перасячы мяжу, груз канфіскавалі. Цяпер далікатэсным прадуктам частуюцца ў сталоўцы хлебаробы саўгаса «Друйскі».

УЛІЧВАЮЧЫ ПОПЫТ

Пральныя парашкі трапілі ў разрад звышдэфіцытных. Набыць іх можна толькі ў прадпрымальнікаў па цане, якая часам адбівае ахвоту хадзіць чыстым. Паправіць сітуацыю задумаў аграснаб. У Санкт-Пецярбургу забеспячэнцы наладзілі кантакт з вытворцамі пральнага парашку «Новая зара», які вырабляецца па германскай тэхналогіі і не ўступае разрэкламаванаму «Арыэлю», затое выйграе па цане: 700-грамовы пачак будзе каштаваць каля 16 тыс. руб. ■

Жанна БЯЛЬКО