Усё жыццё ў адным калектыве. Браслаўчанка 39 гадоў адпрацавала ў цэнтральнай аптэцы

Люди
Звычайна ў нашым жыцці ўсё ўладкавана і зразумела: сямейныя клопаты, работа, шэраг абавязкаў, пэўны рэжым дня і звыклае кола зносін. Але з часам надыходзіць пара задумацца пра заслужаны адпачынак. І калі за плячыма немалы працоўны шлях, а калектыў нібы сям’я, то такі хвалюючы крок мае пэўную долю смутку. Праўда, ён ураўнаважваецца цеплынёй і душэўнасцю — менавіта такая атмасфера панавала ў цэнтральнай аптэцы № 105 падчас мерапрыемства, на якім віноўніцай урачыстасці стала намеснік загадчыка Святлана Карпіцкая.

Здаецца, калі пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута малады правізар прыехала ўслед за мужам у Браслаў — і вось ужо ў працоўнай кніжцы налічваецца 39 гадоў стажу. Прычым усе яны прысвечаны адной установе, для супрацоўнікаў якой Святлана Аляксандраўна стала добрым сябрам і мудрым настаўнікам.

Бездакорная праца намесніка загадчыка аптэкі ў галіне аховы здароўя, адданасць прафесіі, адказнасць і ўменне працаваць з людзьмі не засталіся незаўважанымі і на ўзроўні мясцовай улады. Так, на ўрачыстае мерапрыемства завітала старшыня райсавета Ніна Пучынская, якая ўручыла Святлане Карпіцкай Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў і выказала ўпэўненасць, што гэты працоўны калектыў застанецца для Святланы Аляксандраўны прыемным успамінам на ўсё жыццё, сама ж яна заўсёды будзе тут жаданым госцем, а для маладых спецыялістаў — прыкладам добрасумленнасці і прафесіяналізму.

Шмат цёплых слоў прамовіла і загадчык аптэкі Аліна Вайцяхоўская. Яна падзякавала віноўніцы ўрачыстасці за шчырую працу, на якую тая не шкадавала нават асабістага часу, і адзначыла, што С. Карпіцкая — мудры і празорлівы настаўнік, гатовы ў любую мінуту падставіць плячо і прыйсці на дапамогу, параіць, падтрымаць, прычым не толькі ў вырашэнні рабочых сітуацый, а і жыццёвых.

Святлана Аляксандраўна з хваляваннем прызналася, што такое мерапрыемства, зладжанае калегамі, стала для яе прыемным і нечаканым сюрпрызам. Яна падзякавала ўсім, з кім поруч ішла столькі часу, і вобразна акрэсліла іх сумесную працу:

— Мы ўсе разам плылі ў адной лодцы ў адным накірунку. І нават калі нас штарміла, мы не расхіствалі яе дзеля нашай мэты — далейшага росквіту і развіцця аптэчнай сеткі Браслаўскага раёна. Хачу пажадаць усім здароўя, якое не мае цаны, але, тым не менш, самае дарагое, а таксама міру і дабра. ■

Жанна БЯЛЬКО