Добраўпарадкаванне на перспектыву. Як кіраўніцтва Друеўскага сельсавета імкнецца зрабіць яго больш прывабным

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Апошнім часам Друю ўсё часцей называюць музеем пад адкрытым небам. Тут, бясспрэчна, ёсць на што паглядзець. Менавіта таму кіраўніцтва мясцовага сельсавета шмат робіць, каб населены пункт быў прывабным не толькі для мясцовых жыхароў, але і для гасцей.

Друя займае немалую тэрыторыю, таму для таго, каб прывесці яе ў ідэальны стан, патрэбны час. Іншымі словамі, да здзяйснення вялікай справы неабходна ісці маленькімі крокамі. У гэтым уладам дапамагаюць мясцовыя жыхары, якія любяць і шануюць сваю малую радзіму. Ужо зроблены памятны знак вузкакалейцы, рамантуецца царква, з’явіўся ўязны знак «Друя», наводзіцца парадак на сядзібах.

У гэтым годзе работы па добраўпарадкаванні знайшлі працяг ва ўсталяванні памятнай дошкі ў гонар знакамітага земляка Альтэра Друянава з нагоды 150годдзя з дня яго нараджэння, павешаны банеры з картамі-даведнікамі па аграгарадку і памятных месцах, закладзены дзіцячы парк са скульптурай-чарапашкай. Распачата дзейнасць па пашырэнні вуліцы, якая ідзе праз усю Друю. У бліжэйшы час у аграгарадку пачнецца асфальтаванне асобных вуліц і з’ездаў, што палепшыць камфорт мясцовых жыхароў, распрацаваны план па добраўпарадкаванні пляцоўкі перад касцёлам.

У аграгарадку шмат старых будынкаў з цікавым гістарычным мінулым і старажытнай разьбой, якая добра захавалася. Для іх дэтальнага агляду высякаюцца хмызнякі. Увогуле, у выконваючага абавязкі старшыні сельсавета Міхаіла Бакевіча шмат планаў па захаванні старажытных будынкаў, якія нават ёсць на акварэлях знакамітага мас-така Дзмітрыя Струкава.

Разам з тым людзі імкнуцца да парадку і падтрымліваюць ініцыятывы ўлады, а нярэдка і самі ўносяць дзейсныя прапановы. Так, у адным са шматкватэрных дамоў жыльцы сабралі грошы і абсталявалі балконы ў адным стылі. З’явіліся лавачкі для адпачынку на некаторых вуліцах і ў куточках аграгарадка. Радуюць вока і будаўнічыя рыштаванні ля царквы Пятра і Паўла. Мясцовыя актывісты з валанцёрамі пачалі аднаўляць брукаванку «Дарога смерці», што вядзе да месца расстрэлу яўрэйскага насельніцтва.

У гэтым годзе непадалёку ад школы выпускнікі залажылі алею з дубоў і ліп. Гэтая справа будзе працягнута ландшафтным дызайнам наўкол. Словам, праводзіцца вялікая работа па добраўпарадкаванні аграгарадка з даўняй гісторыяй. Несумненна, што свой юбілей ён сустрэне са станоўчымі пераўтварэннямі. ■