«Браслаў-камунальнік» павіншаваў ветэранаў вытворчасці

Власть и общество

Традыцыйна напярэдадні Дня пажылых людзей «Браслаў-камунальнік» не забывае тых, хто пайшоў на заслужаны адпачынак з арганізацыі. Вось і сёлета за сродкі прадпрыемства было закуплена і сфарміравана 111 прадуктовых набораў на агульную суму звыш двух тысяч рублёў. Адказная за ідэалагічную работу Алеся Нарэль і старшыня прафсаюзнага камітэта Алена Сачкова наведалі кожнага ветэрана прадпрыемства, павіншавалі іх са святам сталых людзей, пажадалі моцнага здароўя і ўручылі падарункі.

Сярод тых, хто лагоднай усмешкай сустрэў маладых супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія завіталі да ветэранаў арганізацыі не з пустымі рукамі, былі і Міхаіл Басюк з жонкай Галінай. У Міхаіла Уладзіміравіча 25 гадоў стажу ў «Браслаў-камунальніку», пачынаў тут працаваць начальнікам кацельні, па кар’ернай лесвіцы дарос да пасады дырэктара, а Галіна Мікалаеўна 6 апошніх гадоў перад выхадам на пенсію была вядучым спецыялістам планава-эканамічнага аддзела. Гаспадары шчыра дзякавалі прадстаўнікам арганізацыі за памяць пра сваіх ветэранаў.

Казімір ПЯТУШКА