«Як педагогу мне хочацца выхоўваць дзяцей так, каб яны годна ўвайшлі ў дарослае жыццё». Настаўніца з Браслава расказала, як прывівае дзецям любоў да свайго прадмета

Главное Люди
Вучоныя кажуць, што хутка палова насельніцтва планеты будзе размаўляць на англійскай мове, а другая — вывучаць яе. Таму свабоднае валоданне замежнай мовай дае вялікія магчымасці: такія спецыялісты запатрабаваны ў многіх сферах. І вялікую ролю тут адыгрывае здольнасць педагога не проста выкладаць прадмет, а прывіваць дзецям любоў да яго. Менавіта так працуе Вольга Лукша — настаўніца англійскай мовы Браслаўскай гімназіі.

Па-рознаму прыходзяць людзі ў прафесію: адны доўга шукаюць сябе ў жыцці, іншыя адразу вызначаюцца са сваім прызваннем. В. Лукша з самага дзяцінства хацела быць настаўніцай, праўда, спачатку мела прыхільнасць да матэматыкі, але ў 5 класе пачала вучыць замежную мову і захапілася ёю. Спецыяльнасць «англійская і нямецкая мовы» Вольга набывала ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава, дзе, дарэчы, пазнаёмілася з будучым мужам, дзякуючы якому і трапіла ў Браслаў. Сюды малады спецыяліст прыехала ўжо з пэўным вопытам, набытым на роднай Расоншчыне падчас работы па размеркаванні. Працавала ў СШ № 2 і вось ужо 11 гадоў выкладае англійскую мову ў Браслаўскай гімназіі.

Тут у параўнанні са школай адчувальна ўзрасла нагрузка, бо на вывучэнне замежных моў адводзіцца больш гадзін. З цягам часу В. Лукша набывала вопыт, вучыла дзяцей і вучылася сама. У 2009 годзе паспрабавала свае сілы ў якасці ўдзельніцы раённага этапа конкурсу «Настаўнік года», дзе стала пераможніцай, добра выступіла і ў Віцебску. Тры гады таму назад Вользе Васільеўне пакарыўся і абласны этап. Развіццю педагагічнага майстэрства паспрыяла і абсталяванне ў гімназіі лінгафоннага кабінета. Камп’ютары з выхадам у інтэрнэт і відэакамерамі, інтэрактыўная дошка — усё гэта дазваляе разнастаіць урокі і матываваць дзяцей да вывучэння англійскай мовы, у тым ліку праз падтрыманне анлайнзносін з аднагодкамі з іншых краін. Дадатковы стымул — удзел у міжнародных праектах: ад абмену паштоўкамі і відэасустрэч да поўнага паглыблення ў моўнае асяроддзе падчас паездкі за мяжу па выйграным гранце.

— Мне падабаецца працаваць з навучэнцамі, прыемна слухаць іх адказы па-англійску, бачыць, што яны разумеюць тлумачэнні, даведваюцца штосьці новае. Ды і сама ў працэсе падрыхтоўкі да заняткаў удасканальваюся: калі «прыжываюцца» нейкія новыя прыёмы, метады, адчуваеш задавальненне, — кажа настаўніца. — Як педагогу мне хочацца выхоўваць дзяцей так, каб яны годна ўвайшлі ў дарослае жыццё, рухаліся наперад і дасягалі мэтаў, як выкладчыку англійскай мовы — вучыць свабодным зносінам.

Вольга Лукша імкнецца знайсці падыход да кожнага вучня, заахвоціць да работы, клапоціцца, каб ніводзін не застаўся без увагі ды не сумаваў на ўроку. Дарэчы, гэтым яе дзейнасць не абмяжоўваецца: навукова-практычныя канферэнцыі, фестывалі міжкультурных камунікацый, адукацыйныя праекты і лінгвакультуралагічныя лагеры — усюды паспявае энергічная і творчая настаўніца. Гэта не застаецца незаўважаным: ганаровыя граматы, у тым ліку Міністэрства адукацыі, падзячныя пісьмы і дыпломы неаднаразова папаўнялі яе педагагічную скарбонку. Ёсць там і яшчэ адна ўзнагарода, бадай, ці не самая важная для настаўніка — зацікаўленыя адносіны дзяцей да прадмета.

Вольга шчодра дзеліцца набытым вопытам: як сябра рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель» ездзіць па Беларусі з майстар-класамі, дае ўрокі як прадстаўніца абласнога клуба «Прызнанне», выступае перад слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі ў Віцебску, праводзіць і вебінары — анлайн-сустрэчы. А яшчэ педагог працуе ў раённым і гімназічным метадычных аб’яднаннях, публікуецца ў профільных часопісах і газетах.

Напярэдадні свята Вольга Лукша адрасуе калегам пажаданні здароўя, разумення з боку вучняў і бацькоў, падтрымкі ад адміністрацыі, згоды ў калектыве. І ўзгадвае дэвіз гімназіі: «Ідзі як мага далей у пошуках, не бойся рызыкаваць, не стаў сабе абмежаванняў — толькі так ты станеш асаблівым і непаўторным». ■

Жанна БЯЛЬКО