У Браславе правялі заняткі па прававых ведах для дзяцей і дарослых

Отдых
У Беларусі ўжо больш як 20 гадоў дзейнічае Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Яго супрацоўнікі збіраюць і апрацоўваюць прававыя акты, займаюцца іх сістэматызацыяй, захоўваннем і афіцыйным апублікаваннем. Кожны жыхар краіны мае магчымасць знайсці дакладную інфармацыю на адпаведных дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсах. Пра гэта яшчэ раз нагадалі прадстаўнікі рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віцебскай вобласці, якія ў мінулую пятніцу арганізавалі ў нашым горадзе шэраг мерапрыемстваў як для дарослых, так і зусім юных браслаўчан.

У дзіцячай бібліятэцы спецыяліст абласнога рэгіянальнага цэнтра Юлія Дзірко правяла заняткі з вучнямі 3 «В» класа сярэдняй школы № 2, падчас якіх пазнаёміла прысутных з інфармацыйным напаўненнем раздзелаў Дзіцячага прававога сайта, яго асаблівасцямі і наглядна прадэманстравала, як на ім можна адшукаць карысныя звесткі. Трэцякласнікі актыўна вывучалі «Буквар прававых тэрмінаў і паняццяў», разбіраліся ў незвычайных законах розных краін. Вельмі зацікавіў навучэнцаў раздзел сайта «Гульні і конкурсы». Ахвотна ўключыліся юныя знатакі і ў тэматычную віктарыну, тым больш што правільныя адказы заахвочваліся салодкімі прызамі.

Дзеці пачулі шмат карыснай інфармацыі па правілах бяспекі, паўтарылі нумары тэлефонаў, якія павінен ведаць кожны на выпадак небяспечнай сітуацыі. А напрыканцы мерапрыемства Ю. Дзірко ўручыла школьнікам падарункі з тэматычнай сімволікай НПЦІ.

Далей на базе СШ № 2 адбыўся навучальны семінар для кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна і бібліятэкараў ЦБС. Адкрыла яго дырэктар рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віцебскай вобласці Ларыса Дорагава, якая азнаёміла прысутных з функцыямі НЦПІ і падрабязна спынілася на развіцці ў нашай краіне дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў: Дзіцячага прававога сайта, Прававога форуму Беларусі, Нацыянальнага прававога Інтэрнэтпартала, пошукавых сістэм па заканадаўстве «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE». Іх дзейнасць дазваляе своечасова даведвацца пра змены ў афіцыйных дакументах і выхад новых, хутка адшукваць дакладную інфармацыю.

Пра магчымасці і асаблівасці выкарыстання інфармацыйна-пошукавых прававых сістэм удзельнікам семінара расказала Юлія Дзірко.

Затым пачалася практычная частка мерапрыемства. Паколькі яно праходзіла ў кабінеце інфарматыкі, прысутныя атрымалі тэставыя заданні для выканання іх на камп’ютарах і грунтоўна прапрацавалі розныя віды пошуку нарматыўных дакументаў, атрымалі навыкі работы з даведачнай і дадатковай інфармацыяй. Па выніках семінара яго ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты аб паспяховым навучанні. ■

Жанна БЯЛЬКО