Браслаўчане прынялі ўдзел у абласных «Дажынках»

Власть и общество
Святкаваннем «Дажынак» беларусы спрадвеку ставілі кропку ва ўборачнай кампаніі, рабілі гэта ярка і запамінальна. Падзея падводзіла своеасаблівую рысу пад жнівом і значыла толькі адно — будзем з хлебам. Мяняліся часы, падыходы і тэхналогіі, аднак хлебароб быў і застаецца пачэсным кармільцам, чалавекам працы з вялікай літары.
Сёлета абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі праходзіў у Віцебску. Пра рэкордныя ўраджаі, высокія ўзнагароды і бясконцыя словы ўдзячнасці — у гэтым артыкуле.

Як адзначыў у сваёй прамове старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, бягучы сельскагаспадарчы год для аграрыяў рэгіёна больш паспяховы, чым мінулы. «Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы таму, што паляпшаецца культура земляробства, павышаецца адказнасць кіраўнікоў і работнікаў на месцах», — адзначыў ён. Нягледзячы на капрызы надвор’я, адносна нізкую бальнасць глебаў і вельмі сціслыя агратэхналагічныя тэрміны, хлебаробы паўночнага рэгіёна дабіліся выдатных вынікаў: агульная вага каравая вобласці склала сёлета 1 млн 77 тысяч тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 31,1 цэнтнера з гектара. Віцебшчына першай у краіне выканала дзяржаўны заказ па пастаўцы харчовага зерня.

Што тычыцца геаграфіі найбольшых поспехаў на жніве, то чвэрць ураджая Прыдзвінскага краю сфарміравана двума раёнамі, што здолелі пераадолець статысячную планку, — Аршанскім і Віцебскім. Сярод лідараў таксама Талачынскі, Дубровенскі, Пастаўскі, Верхнядзвінскі і іншыя раёны. На гэтым фоне нельга не адзначыць, што звыш 60 % ураджаю збожжавых (622 тыс. т) сабралі аграпрамысловыя аб’яднанні.

Браслаўчане таксама годна завяршылі жніво і ўнеслі свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Па інфармацыі райсельгасхарча, на нашых палях сёлета намалочана амаль 35 тысяч тон зерня — гэта адзін з найлепшых паказчыкаў за апошніх дзесяць гадоў.

Разам з тым М. Шарснёў акцэнтуе ўвагу аграрыяў на неабходнасці займацца вырошчваннем не толькі збожжавых коласавых, але і бабовых, крыжакветных культур. Таксама трэба паскорыць тэхнічнае пераўзбраенне гаспадарак рэгіёна, больш увагі надаваць падрыхтоўцы і замацаванню на сяле маладых кадраў, іх матэрыяльнаму заахвочванню.

Старшыня аблвыканкама падзякаваў хлебаробам за іх нялёгкую, але такую важную справу, пажадаў моцнага здароўя, асалоды ад працы на зямлі і па традыцыі ўручыў лепшым з лепшых аграрыяў заслужаныя ўзнагароды.

Права выйсці на абласную сцэну заваявалі трое браслаўчан, хоць і адбылося гэта на розных пляцоўках. Так, старшыня СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель з рук памочніка Прэзідэнта па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча атрымаў персанальную Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Такім чынам адзначана яго шматгадовая добрасумленная праца, значны асабісты ўклад у развіццё сельгасвытворчасці і дасягненне высокіх паказчыкаў у галіне.

Дарэчы, менавіта Р. Шукялю было прадастаўлена права ўзняць сцяг абласных «Дажынак» на цырымоніі іх адкрыцця. «Місія вельмі пачэсная. Я ганаруся тым, што яе даверылі менавіта мне. Гэта гонар не толькі для «Маяка», але і для ўсяго Браслаўскага раёна», — адзначыў ён.

Акрамя таго, Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама ўзнагароджаны Валерый Гадзевіч, трактарыст-машыніст ААТ «Бярозавы край», а Ганаровай граматай Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК — Сняжана Еўтушэнка, прафсаюзны лідар калектыву ААТ «Агравідзы». У гэтую ж гаспадарку «паехаў» і спецыяльны падарунак — трактар «Беларус 82.1»: так прадпрыемства заахвоцілі за якаснае выкананне тэхналагічных сельскагаспадарчых працэсаў.

Увогуле дэлегацыя Браслаўскага раёна на абласных «Дажынках» сёлета была значна большай, чым звычайна. Гэта дало людзям магчымасць не толькі пабачыць маштабнае свята на свае вочы, але і заслужана адпачыць пасля працяглай і нялёгкай працы.

Віншавалі творчымі падарункамі

Свой уклад у шматлікія віншаванні працаўнікоў сяла падчас свята «Дажынкі – 2020» унеслі творчыя калектывы і грамадскія аб’яднанні Браслаўшчыны.

У прыватнасці, у вялікі зводны хор Віцебшчыны, які вітаў удзельнікаў святочнай цырымоніі, уліліся народныя калектывы «Сябрына» з Ахрэмаўскага ЦНК, «На панадворку» з РЦК, «Відзаўчанка» з Відзаўскага ДК. Свае інсталяцыі  з жывымі скульптурамі прадстаўляў і народны тэатр РЦК у горадзе майстроў.

Удзел у выступленні лепшых танцавальных пар побытавых танцаў прынялі прадстаўнікі РЦК, ДШІ разам з гімназістамі ў рамках абласного свята традыцыйнай культуры «Спяваем, танцуем і гуляем па-даўнейшаму». Арыгінальную творчую замалёўку для абрамлення калоны прадстаўнікоў раёна падрыхтавалі народны калектыў «Вярба» Дрысвяцкага ДК і ансамбль барабаншчыц «Брава» з РЦК.

Сярод шматлікіх пляцовак фестывалю была і маладзёжная. Браслаўскі райкам БРСМ таксама там быў задзейнічаны. Так, дзякуючы дапамозе настаўніка працоўнага навучання Браслаўскай СШ № 2 Аляксандра Сіпко нашы актывісты прывезлі сувеніры для ўдзелу ў акцыі па зборы сродкаў на дабрачыннасць і лячэнне хворых дзяцей. Таксама была арганізаванаі  фотазона з жывымі скульптурамі.■

Алена НАБЕЕВА
Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ