Персанальная выстаўка карцін відзаўчанкі Юліі Шылай адкрылася ў музеі традыцыйнай культуры

Люди
Маладая жанчына ўпершыню выставіла на агляд шырокаму колу гледачоў свае карціны ў такой вялікай колькасці. Дагэтуль яна толькі перыядычна ўдзельнічала ў разнастайных мерапрыемствах музея, дзе прадстаўляла 2 – 3 работы. Але нават па іх можна было бачыць: перад намі новае імя ў браслаўскай суполцы мастакоў. З цягам часу Юлія Шылай пагадзілася на персанальную выстаўку, да якой рыхтавалася працяглы час.

На адкрыццё экспазіцыі сабраліся родныя і сябры мастачкі. Было бачна, што яны ганарацца сваёй дачкой, сястрой, сяброўкай. Віншуючы Юлію з выстаўкай, кіраўнік клуба майстроў і мастакоў Наталля Парахневіч заўважыла, што яна сама неаднаразова ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і адкрыцці розных экспазіцый і добра разумее, наколькі гэта сур’ёзны этап для творцы, бо той адкрывае таямніцы сваёй душы грамадству.

Па прызнанні Юліі, і для яе гэта быў адказны крок. Жывапісам яна пачала займацца падчас вучобы ва ўніверсітэце імя М. Танка, дзе вывучала народную культуру і рамёствы. Аднакурсніцы падказалі, што ёсць магчымасць займацца ў творчай студыі мастака Уладзіміра Ткачэнкі. Там Юлія і атрымала азы жывапісу і пачала раскрывацца як мастачка. Яна і цяпер нярэдка звяртаецца да свайго настаўніка за парадай. Пра талент Ю. Шылай і цікавасць з боку аматараў мастацтва сведчыць і такі факт: на адной з апошніх выставак адной і той жа яе карцінай зацікавіліся адразу некалькі патэнцыяльных пакупнікоў. У сваёй творчасці мастачка аддае перавагу прыродзе і нацюрморту, шмат малюе наваколле Відзаў.

У клубе майстроў і мастакоў лічаць, што ў Юліі наперадзе шчаслівае творчае жыццё. І персанальная выстаўка стала толькі першай ластаўкай. ■

Алена НАБЕЕВА