Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама наведаў Браслаўскую ПМК-42

Новости
У рамках зносін інфармацыйных груп Віцебскага аблвыканкама з працоўнымі калектывамі Прыдзвіння старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі 22 верасня наведаў Браслаўскую ПМК-42 і сустрэўся з прадстаўнікамі будаўнічай арганізацыі.

Старшыня камітэта агучыў асноўныя напрамкі развіцця будаўнічай галіны нашай вобласці, пры гэтым больш увагі надаў жыллёваму будаўніцтву. У прыватнасці, ён адзначыў, што кожны год за кошт сродкаў мясцовага бюджэту ў раёнах Прыдзвіння ўводзіцца ў эксплуатацыю каля 200 кватэр камерцыйнага і сацыяльнага прызначэння. А ўвогуле летась у вобласці пабудавана 326 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку 128,5 тыс. м2 — у сельскіх населеных пунктах і малых гарадскіх паселішчах.

На думку Аляксандра Шыдлоўскага, для захавання парытэту паміж попытам і прапановай на Віцебшчыне трэба штогод уводзіць у эксплуатацыю каля 300 тыс. м2 жылой плошчы. Праўда, ва ўсіх рэгіёнах попыт на будаўніцтва кватэр розны. З улікам гэтага і фарміруецца штогадовае заданне для раёнаў па ўводзе ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылля.

Што тычыцца непасрэдна Браслава, то тут кожны год яшчэ запатрабаваны як мінімум шматкватэрны дом. Вось і сёлета заселены такі і зноў узводзіцца адзін 60-кватэрны. У лідарах Браслаўшчына з году ў год і па індывідуальным жыллёвым будаўніцтве.

А. Шыдлоўскі таксама адзначыў, што камітэт па архітэктуры і будаўніцтве праводзіць планамерную работу з распрацоўшчыкамі праектнай дакументацыі і падраднымі арганізацыямі наконт больш таннага кошту 1 м2 узводзімай плошчы, што падштурхоўвае ўкараняць новыя тэхналогіі будаўніцтва.

Многія прадпрыемствы будаўнічай сферы працуюць не ў поўную сілу ў сувязі з недахопам працоўных рэсурсаў. Старшыня камітэта заўважыў, што маладыя людзі цяпер не вельмі ахвотна выбіраюць рабочыя прафесіі ў дадзенай галіне, аднак тут захоўваецца і надзейная работа, і стабільная зарплата. Камітэт падтрымлівае тыя раёны, дзе захаваліся ПМК. Гэта тычыцца падрадных аб’ёмаў, выдзялення рэсурсаў на будаўніцтва камерцыйнага і сацыяльнага жылля, аб’ектаў інжынернатранспартнай інфраструктуры, а таксама на распрацоўку горадабудаўнічай дакументацыі. У прыватнасці, цяпер для Браслаўшчыны распрацоўваюцца 3 буйныя горадабудаўнічыя праекты: Генплан г. Браслава, Генплан г. п. Відзы і Генплан спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парка «Браслаўскі». Дарэчы, у Браславе плануецца пашырэнне гарадскіх граніц для фарміравання новых кварталаў індывідуальнай і шматкватэрнай забудовы. Пасля завяршэння распрацоўкі праектаў будзе арганізавана іх грамадскае абмеркаванне. І Аляксандр Шыдлоўскі запрасіў браслаўчан актыўна выказваць свае заўвагі і прапановы. У адпаведнасці з заканадаўствам інфармацыя пра генпланы будзе размешчана на сайце райвыканкама і на старонках раённай газеты. ■

Казімір ПЯТУШКА