Святочнае мерапрыемства прайшло ў Браславе на тэрыторыі Свабоднай бібліятэкі

Власть и общество
У сярэдзіне верасня бібліятэкары Беларусі адзначылі прафесійнае свята. Пятнаццатае чысло выбрана для яго не выпадкова: гэта дата заснавання Нацыянальнай бібліятэкі — галоўнага кнігасховішча нашай краіны. Праўда, сучасныя ўстановы далёкія ад простага захоўвання выданняў: спалучыўшы магчымасці кніжных фондаў і камп’ютарных тэхналогій, яны сталі сапраўднымі сацыякультурнымі і інфармацыйна-асветніцкімі цэнтрамі. А працуюць у іх крэатыўныя і таленавітыя людзі, што і пацвердзіла святочнае мерапрыемства, якое прайшло на мінулым тыдні ў Браславе на тэрыторыі Свабоднай бібліятэкі.

Яшчэ да пачатку ўрачыстай часткі праграмы прысутныя, сярод якіх былі прадстаўнікі раённай улады, супрацоўнікі і ветэраны ЦБС раёна, актыўныя чытачы, з цікавасцю знаёміліся з выстаўкамі, што разгарнуліся каля будынка цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Інфармацыя на стэндах давала ўяўленне пра творчае жыццё ўстановы, нагадвала пра юбілейныя даты горада, яго славутых жыхароў. Гасцей мерапрыемства прывабіў таксама збор старадаўніх кніг «Неацэнныя старонкі мінулага»: акрамя кніжнай класікі сярэдзіны мінулага стагоддзя, тут можна было ўбачыць рарытэтныя друкаваныя рэлігійныя выданні. Шматлюдна было і каля сталоў, дзе бібліятэкары-рукадзельніцы Наталля Камісарава і Вольга Лакотка праводзілі майстаркласы. Не засталося абыякавых пасля наведвання літаратурнага кафэ: яго гаспадыня Ірына Лясюк прапаноўвала меню з «інфармацыйным снеданнем», «літаратурнымі рулецікамі» і г. д. Тут жа можна было пагартаць кнігу рэцэптаў вядомых герояў і аўтараў, даведацца, як гатуецца ростбіф ад Анегіна альбо кулябяка па-чэхаўску.

Але вось прагучалі ўрачыстыя акорды, і пачалося святочнае мерапрыемства «Віват, бібліятэка!» — добрая магчымасць падвесці вынікі і выказаць словы падзякі людзям, якія сваё жыццё прысвяцілі служэнню кнізе. Менавіта ім і адрасавала цёплыя словы віншавання начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Юлія Чагарына. Яна адзначыла важкую ролю работнікаў бібліятэк у распаўсюджванні ў нашым грамадстве спрадвечных каштоўнасцей і пажадала віноўнікам урачыстасці творчага натхнення, росту і пошуку новых шляхоў у дзейнасці. Таксама Ю. Чагарынай выпала прыемная місія ўручыць ганаровыя граматы за добрасумленную працу бібліятэкарам шэрагу ўстаноў раёна.

Да віншаванняў далучылася і дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская, якая вобразна пажадала калегам і ветэранам бібліятэчнай справы, каб кніга іх жыцця, «што піша кожны з прысутных, стала б вельмі прыгожым раманам са шчаслівым фіналам, а ўсе яе старонкі напоўніліся любоўю, радасцю і надзеяй».

Шчырыя пажаданні яшчэ не раз гучалі падчас гэтага святочнага мерапрыемства: і з вуснаў найбольш актыўных членаў прафсаюза бібліятэчных работнікаў, і ветэранаў установы. А творчая Святлана Цыўнель, якую з бібліятэкай звязвае даўняе супрацоўніцтва, прачытала свае кранальныя вершы. Дарэчы, ва ўстанове ёсць добрая традыцыя: у прафесійнае свята тут уручаюць памятныя медалі «Сябар бібліятэкі» — сёлета не менш як 10 такіх знайшлі сваіх гаспадароў.

Сімвалам пераемнасці пакаленняў стала прадстаўленне маладога спецыяліста — мастака-афарміцеля аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганны Фадзеевай.

У святочнай праграме знайшлося месца і займальным гульням, прапанаваным калегамі, а супрацоўнікі дзіцячай школы мастацтваў і юная зорачка Соф’я Варанчыхіна дарылі музычныя нумары. Напрыканцы мерапрыемства ўсеагульнай увагай завалодаў вучоны Кот: з дапамогай прысутных ён высвятляў, якім павінен быць сучасны бібліятэкар. Адукаванасць, дапытлівасць, творчасць, добразычлівасць — якраз такімі якасцямі валодаюць супрацоўнікі Браслаўскай ЦБС. ■

Жанна БЯЛЬКО