У Браслаўскім раёне ДАІ правяла прафілактычную акцыю, накіраваную на бяспечную перавозку дзяцей

Безопасность
У краіне, у тым ліку на тэрыторыі нашага раёна, з 18 па 21 верасня Дзяржаўтаінспекцыя правяла прафілактычную акцыю «Прышпіліце дзяцей!». Яна была абумоўлена вялікай колькасцю ДТЗ з удзелам непаўналетніх і накіравана на мінімізацыю такіх аварый.

Дарэчы, як расказаў старшы інспектар ДПС АДАІ РАУС Эдуард Крумплеўскі, у рэспубліцы з пачатку года адбылося 261 ДТЗ з удзелам транспартных сродкаў, у якіх знаходзіліся дзеці. У здарэннях 10 малых загінулі і 112 атрымалі раненні. Шмат пра што кажуць і наступныя лічбы: 59 непаўналетніх перавозіліся з парушэннямі правілаў, 21 — без спецыяльных утрымліваючых прыстасаванняў, 37 былі не прышпіленыя рамянём бяспекі, 1 ехаў на мотатранспарце без шлема.

На Браслаўшчыне сёлета, на шчасце, такіх ДТЗ не дапушчана. Што тычыцца мінулага года, то за 12 месяцаў 2019-га ў раёне адбыліся 2 аварыі, падчас якіх пацярпелі чацвёра непаўналетніх. Усе яны перавозіліся з парушэннем правілаў.

Таму прафілактыка падобных ДТЗ заўжды актуальная. Супрацоўнікі АДАІ РАУС пастаянна ўдзяляюць шмат увагі правілам перавозкі малалетніх пасажыраў, праводзяць гутаркі з вадзіцелямі і бацькамі на гэтую тэму.

Усе 4 дні акцыі патрульныя машыны ДПС былі набліжаны да навучальных устаноў. За гэты перыяд пакаралі штрафам вадзіцеляў, якія перавозілі непаўналетніх, парушаючы ПДР. Інспектары размаўлялі пра бяспечную перавозку не толькі з дарослымі, а і заклікалі дзяцей самім прышпільвацца ў транспарце. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ