На Браслаўшчыне завяршаецца жніво. Абмалочана амаль 100 % плошчаў

Экономика и финансы
Адзін-два дні, пры ўмове добрага надвор’я, яшчэ спатрэбяцца браслаўскім аграрыям для поўнага завяршэння ўборачнай кампаніі. На раніцу ўчарашняга дня агульнымі намаганнямі было абмалочана 98 % плошчаў ад плана. Усяго засталося ўбраць 252 гектары збожжавых культур. І калі ў чатырох гаспадарках — «Агравідзах», «Мяжанах», «Друйскім» і «Браслаўскім» — засталося на карані ад 6 да 35 гектараў, то толькі ў «Слабодцыагра» — 171. Паказчык ураджайнасці па раёне сёлета не намнога, але большы, чым летась. На круг браслаўскія хлебаробы намалацілі ў сярэднім па 23,6 цэнтнера з гектара, што на 12 % больш, чым у мінулым годзе.

Па словах начальніка райсельгасхарча Мікалая Бараноўскага, жніво-2020 на Браслаўшчыне прайшло ў складаных умовах. І цяжка было не столькі з прычыны надвор’я, на якое часта наракаюць нашы хлебаробы, а ў сувязі са складаным эканамічным становішчам гаспадарак. Састарэлы аўтапарк — вось асноўны галаўны боль кожнага кіраўніка мясцовага сельгаспрадпрыемства.

— Сёлета, напэўна, упершыню за некалькі дзесяцігоддзяў раён не выканаў дзяржзаказ па збожжы, — кажа М. Бараноўскі. — Але трэба адзначыць, што на тое былі свае прычыны. Наколькі аб’ектыўныя, на жаль, рашаць не нам. Па-першае, вясна ў гэтым годзе вельмі замарудзіла надыход цяпла, яравыя культуры прыйшлося сеяць пазней на два, а то і тры тыдні. Лілі моцныя дажджы, затым настала засуха, якая, можна сказаць, спыніла рост збожжавых і зернебабовых культур. І калі азімыя яшчэ больш-менш набіралі моцы, то колас яравых доўга не наліваўся. Таму пры ўборцы пшаніцы было бачна, што яна яшчэ не дайшла да патрэбнай кандыцыі і па паказчыках якасці не адпавядала патрабаванням дзяржзаказу.

Па-другое, сёлета ў ААТ «Бярозавы край» 830 га засеяных земляў перадалі Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры, але пры размеркаванні дзяржзаказу гаспадарцы гэта не было ўлічана. Таму, зразумела, што з часткі земляў у 640 гектараў са збожжавымі і зернебабовымі культурамі, што засталіся, тут не змаглі закрыць доўг перад дзяржавай.

Увогуле ж, як расказаў Мікалай Бараноўскі, сельгаспрадпрыемствы раёна, нягледзячы на ўсе цяжкасці, у большасці годна справіліся з уборкай. Хоць па розных прычынах (з-за патраў дзікамі, капрызаў прыроды) па раёне было спісана больш за 1 000 гектараў засеяных земляў, агульны вал збожжа атрымалі на 2,5 % больш, чым летась: намалацілі 34 671 тон. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ