Народны тэатр мініяцюр «Покер» рыхтуе новую праграму

Отдых
Народны тэатр мініяцюр «Покер», які створаны ў Раённым цэнтры культуры, на мінулым тыдні запрасіў браслаўчан на свой канцэрт.

На Браслаўшчыне нямала творчых калектываў розных жанраў. «Покер», напэўна, самы малады з іх. Адметнасць тэатра ў тым, што працуе ён у жанры сінхрабуфанады. Узнік у 2006 годзе і адразу стаў карыстацца папулярнасцю ў гледачоў, а ў 2012-м атрымаў ганаровае званне «народны». За 14 гадоў існавання калектыў паспеў многае: неаднаразова станавіўся пераможцам абласных, рэспубліканскіх фестываляў, удзельнічаў у тэлепраектах і прадстаўляў Беларусь у Латвіі, Літве і Расіі.

Для канцэрта кіраўнік тэатра Яўген Набееў адабраў самыя яскравыя і адметныя нумары. Праграма атрымалася амаль на паўтары гадзіны. Гледачы жыва рэагавалі на сцэнкі, ішлі на кантакт з артыстамі і самі станавіліся ўдзельнікамі мініяцюр. Гэтым выступленнем «Покер» падвёў фінішную рысу пад адной праграмай і паабяцаў, што рыхтуе новую, на прэм’еру якой абавязкова запросіць прыхільнікаў свайго мастацтва. ■

Аліна БРАС