Навука павінна служыць людзям

Власть и общество
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальную акадэмію навук. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выстаўкай навуковых і навукова-тэхнічных дасягненняў і сустрэўся з беларускімі вучонымі — прадстаўнікамі НАН, вышэйшых навучальных устаноў, галін народнай гаспадаркі.

На сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў краіне ні адно важнае рашэнне не прымаецца без удзелу прадстаўнікоў навуковай сферы. «Менавіта таму я рэгулярна сустракаюся з навуковай супольнасцю і заўсёды раюся з вучонымі. Усе мы ведаем, што развіццё навукі вызначае будучыню. Прычым будучыню не толькі асобнай дзяржавы, але і ўсяго чалавецтва», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі створана Вышэйшая атэстацыйная камісія, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ўдалося не толькі захаваць дзеяздольнае ядро даследчых калектываў і важнейшыя навуковыя школы, але і пачаць пісаць навейшую гісторыю беларускай навукі.

Дарэчы, сёння даследаванні і распрацоўкі ў краіне выконваюць 460 арганізацый, у іх працуюць 28 тыс. чалавек. Толькі Нацыянальная акадэмія навук узаемадзейнічае з вучонымі з 93 дзяржаў, на яе базе дзейнічаюць 42 міжнародныя даследчыя цэнтры.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзякуючы вучоным Беларусь на сусветнай арэне ведаюць як краіну, дзе робяць самыя вялікія самазвалы і здабываюць калійную руду, вырабляюць лазеры і оптаэлектроніку, мікрасхемы і электрычны транспарт, паскоранымі тэмпамі развіваюць сферу інфармацыйных тэхналогій, выконваюць высокатэхналагічныя хірургічныя ўмяшанні, выпускаюць сучасныя лекавыя прэпараты. У Беларусі таксама асвойваецца энергія мірнага атама, вучоныя краіны стварылі ўласную даследчую станцыю ў Антарктыдзе, удзельнічаюць у рабоце на Вялікім адронным калайдары. Рэспубліка нараўне з вялікімі дзяржавамі ўвайшла ў лік касмічных краін, што два гады таму назад дало магчымасць правесці ў Мінску Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

«Гэтыя прыклады, вядома, падобныя да спорту высокіх дасягненняў. Яны патрэбныя і важныя. Але сапраўдная навука павінна перш за ўсё служыць людзям, паляпшаць якасць іх жыцця. Таму вельмі цэніцца работа вучоных, якія развіваюць аграрны напрамак, у выніку чаго ў нас растуць ураджаі, надоі і прыбаўленні ў вазе. А наша харчовая прамысловасць дабілася таго, што беларускія прадукты на многіх рынках проста робяць фурор», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

А беларускія медыкі, дадаў ён, славяцца як унікальныя спецыялісты з залатымі рукамі, якія ратуюць жыццё чалавека практычна ў любой сітуацыі. У складаны для ўсяго свету час пандэміі каранавіруса яны паказалі сябе дастойна, падкрэсліў Прэзідэнт.

Дзякуючы ўласным канструктарскім бюро і ўзаемадзеянню з вучонымі з’яўляюцца гучныя навінкі на брэндавых прадпрыемствах Беларусі. І ў гэтай навукова-прамысловай гонцы менавіта вучоны — галоўны саюзнік вытворцаў. Да таго ж у нашай краіны — не самай багатай на прыродныя рэсурсы — няма іншага выйсця, як рабіць стаўку на інтэлект.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь сёння адносіцца да ліку краін з высокім узроўнем навуковага патэнцыялу. А ў рэйтынгу добрых краін (Good Country Index) наша рэспубліка займае 54-е месца сярод 153 дзяржаў.

На гэтым фоне Галава дзяржавы папрасіў зрабіць навуку больш прывабнай для моладзі. «Нам трэба разважна і прагматычна ацэньваць уласныя перспектывы. Задача нумар адзін — забяспечыць пераемнасць. Не будзе пераемнасці — будзем па-бандыцку ламаць, а потым нанава будаваць — гэта проста глупства, гэта немагчыма. У нас няма на гэта фінансавых рэсурсаў, каб зламаць дашчэнту, а потым зноў пачынаць будаваць. Таму давайце разам падумаем, як зрабіць навуковы шлях для нашых маладых людзей больш прывабным», — прапанаваў ён.

Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што і сёння ўжо створана нямала. У Беларусі паспяхова працуе праграма «Універсітэт 3.0», для развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва функцыянуюць тэхнапаркі, ствараюцца галіновыя лабараторыі ў прамысловых холдынгах і на прадпрыемствах. Назначаюцца гранты кіраўніка дзяржавы і Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Таксама штогод выдзяляецца па 100 прэзідэнцкіх стыпендый аспірантам і таленавітым маладым вучоным.

Сярод іншых задач — развіццё навуковай і інавацыйнай дзейнасці ў рэгіёнах. А. Лукашэнка лічыць, што ў абласных і раённых гарадах трэба ствараць больш умоў для работы вучоных. Гэта ў тым ліку стане трывалай падставай для новых кропак росту эканомікі. ■