Лавілі по 30 тон вугра ў год. Гісторыя браслаўскага рыбзавода

Актуальное Браславскому району — 80 лет Экономика и финансы
Вытворчы філіял «Браслаўрыба» — адно з буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў раёна. Яно мае багатую гісторыю развіцця. «Браслаўская звязда» пашукала цікавыя факты з яго гістарычнага мінулага.

У пасляваенныя гады працоўныя раёна аднаўлялі і прамысловую гаспадарку. Адным з першых пачаў дзейнічаць рыбгас. Працавалі ў ім каля 10 рыбакоў і 6 рабочых у цэху вэнджання рыбы.

У 1965 годзе калектыў кансервавага цэха рыбзавода адправіў спажыўцам 65 тысяч розных рыбных кансерваў.

Шырока святкавалі ў той час у раёне Дзень рыбака, звязаны непасрэдна з рыбзаводам. Упершыню яго адзначылі ў 1965 годзе і зрабілі гэта ўрачыста. Пачалося свята масавым паходам лодак ад гарадскога пляжа да месца гуляння — вёскі Вязкі (непадалёку ад турбазы). Перадавікам вытворчасці ўручылі прэміі, арганізавалі канцэрт. Акрамя гэтага, адбыліся спартыўныя гульні, спаборніцтвы па плаванні і грэблі, выстаўка рыбалавецкіх прылад.

Рыбзавод — першае ў раёне прадпрыемства, прадукцыі якога — вугру гарачага вэнджання — прысвоены Знак якасці, выдадзены Дзяржаўным камітэтам стандартаў Савета Міністраў СССР. У 1970-я гэтай рыбы вылаўлівалі ад 17 да 30 тон. Выпускалі 14 тысяч банак кансерваў «Вугор у жэле», 3 – 4 тоны вугра гарачага вэнджання, астатняе ішло ў рэалізацыю.

У 70-я гады на рыбзаводзе працавалі каля 100 чалавек, былі ўзведзены новыя карпусы кансервавага цэха і вэнджання рыбы.

Дзеля таго, каб папаўняць рыбныя запасы, у 1979 годзе рыбагадавальнікі «Мякяны» і «Чэрніцы» пачалі вырошчваць карпа і сазана.

У 80-я гады за Браслаўскім азрыбгасам (азёрна-рыбнай гаспадаркай) было замацавана больш за 80 вадаёмаў. На прадпрыемстве ў гэты час праводзілася ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, развівалася сажалкавая гаспадарка. У 1982-м распачалося будаўніцтва халадзільніка ёмістасцю на 100 тон сыравіны адначасовага захоўвання. Лоўлю рыбы тады вялі тры брыгады Дзяржлова. Прадукцыя з вугра з’яўлялася своеасаблівай візітнай карткай. Толькі ў 1985 годзе было вылаўлена 17 тон. З яго, як і раней, рабілі кансервы і вэндзілі. Акрамя гэтага, у тым жа годзе вугра адпраўлялі ў Маскву па спецпастаўках для забеспячэння дэлегатаў ХХVІІ з’езда партыі. Разам з тым, каб папоўніць запасы каштоўнай рыбы, пастаянна праводзілася зарыбленне. У 1985 годзе ў азёры Дрывяты, Бужа, Снуды, Струста і Абстэрна было выпушчана 4 мільёны малявак. Працавалі і ўласныя рыбагадавальнікі, дзе вырошчвалі карпа і сазана.

Браслаўскі рыбзавод пастаянна пашыраў свой асартымент. У 1985 годзе на ім асвоілі выпуск кансерваў «Мінтай у масле», «Мінтай у тамаце з гароднінай», якіх было зроблена 30 і 11 тыс. бляшанак адпаведна. Вянглярны цэх паставіў на прылаўкі 600 кг камбалы халоднага і 3 316 кг мінтая гарачага вэнджання. ■

Алена НАБЕЕВА