Дзень Савета прайшоў на мяжанскай зямлі. Фотарэпартаж

Власть и общество
Да любой справы трэба падыходзіць па-гаспадарску, кожны крок — пралічваць напярод, а вынікам усіх намаганняў павінна стаць павышэнне якасці жыцця людзей. Такія высновы прагучалі па выніках усебаковага абмеркавання аспектаў дзейнасці мясцовай улады ў Мяжанскім сельсавеце.

Правядзенне так званых дзён Савета на Браслаўшчыне ўжо стала не проста традыцыяй, а эфектыўным інструментам вырашэння мясцовых праблем. Па словах старшыні райсавета Ніны Пучынскай, мэта такіх выездаў — вывучэнне стану спраў для ацэнкі работы органаў кіравання, актыву і арганізацый на месцах, пошук выйсця са складаных сітуацый, што называецца, усім светам і развіццё тэрыторыі ўвогуле як стратэгічная планка.

У чацвер кіраўніцтва раёна і большасці найважнейшых службаў наведала мяжанскую зямлю. Тут рабочая група ацаніла падыходы да забеспячэння жыццядзейнасці рэгіёна і яго добраўпарадкавання, перспектывы развіцця аграэкатурызму і фермерства, дасягненні і галаўны боль мясцовых жыхароў і арганізацый.

Як адзначыла старшыня сельсавета Жанна Акула, накірункі для прыкладання намаганняў на Мяжаншчыне такія ж, як і ў цэлым па раёне: падтрыманне парадку на зямлі, забеспячэнне бяспекі, у тым ліку пагранічнай, развіццё інфраструктуры, афармленне і продаж зямельных участкаў з наступным папаўненнем бюджэту, бягучая падрыхтоўка да зімы і г. д. Гэта адбываецца на фоне знаёмых таксама многім праблем: складанай дэмаграфічнай сітуацыі, скарачэння колькасці прысядзібных гаспадарак, распаўсюджвання баршчэўніку (з чым, дарэчы, у апошнія гады навучыліся эфектыўна змагацца), неабходнасці зносу нерухомых аб’ектаў, што прыйшлі ў заняпад, і іншых.

Асобна Ж. Акула звярнула ўвагу на знакавую для мясцовых жыхароў падзею — доўгачаканае асфальтаванне дарогі Браслаў — Мяжаны, што пачалося сёлета і будзе працягнута.

Ніна Пучынская тым часам падкрэслівае неабходнасць больш грунтоўна падыходзіць да фарміравання бюджэту сельсавета. «Акрамя традыцыйных падаткаў, не варта недаацэньваць значэнне фонду самаабкладання і выручкі ад рэалізаваных участкаў. Гэта грошы, якія заўсёды знойдуць эфектыўнае прымяненне», — сказала яна. У сельвыканкаме з такім меркаваннем цалкам згодныя і ўжо плануюць сферы, куды накіруюць дадатковыя фінансы: хутчэй за ўсё, гэта будзе аздабленне грамадскіх месц у населеных пунктах.

Кіраўнік раёна Аляксандр Баданін у сваю чаргу завастрыў увагу на некаторых іншых аспектах. Паводле яго слоў, з поля зроку адказных службаў не павінны выпадаць і такія пытанні, як стан дарог і прылягаючых да іх тэрыторый, знос старых сельскагаспадарчых аб’ектаў, усебаковая падтрымка фермераў, якаснае водазабеспячэнне насельніцтва. Прычым усё гэта павінна клапаціць не толькі мясцовыя улады, але і раённыя. «Мы ўсе працуем для людзей», — нагадаў старшыня райвыканкама.

Што тычыцца эканамічна перспектыўных накірункаў развіцця тэрыторыі, то Мяжанскі сельсавет абраў для сябе турызм, дробную сельгасвытворчасць у выглядзе фермерскіх гаспадарак і прыдарожны сэрвіс. Па-першае, для гэтага ў рэгіёне ёсць усе перадумовы, уключаючы зайздросную геаграфію і працалюбівых людзей, а па-другое, канцэпцыя арганічна ўпісваецца ў аналагічную раённую стратэгію. Ды і ўжо існуючыя прыклады даказваюць жыццяздольнасць такой мадэлі.

Па выніках абмеркавання ўзнятых пытанняў на свет з’явіўся адпаведны пратакол даручэнняў, паўнату і якасць выканання якога ацэняць пазней. Пакуль жа свайго роду кропка пастаўлена ў аналагічным дакуменце наконт Друеўскага сельсавета. Наступным, верагодна, выязное пасяджэнне прыме Цяцеркаўскі. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ