Узаемавыручка паміж сельгаспрадпрыемствамі дапамагае выконваць восеньскія работы

Экономика и финансы
Восень для аграрыяў, бадай, самая напружаная пара, бо ў гэты час да кучы збіраецца шмат разнапланавых і ў той жа час маштабных работ. Цяпер на палетках Браслаўшчыны ідзе ўборка апошняга збожжа, нарыхтоўваюць салому, пачалі ўбіраць кукурузу, аруць глебу і рыхтуюць яе да сяўбы — і гэта яшчэ не ўвесь пералік таго, што трэба паспець да наступлення халадоў.

У такі перыяд у невялікіх гаспадарках асабліва востра адчуваецца недахоп кадраў і тэхнікі. Каб зрабіць усё магчымае: і нарыхтаваць дастатковую колькасць кармоў для жывёлы, і своечасова адсеяць азімыя культуры, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў дамаўляюцца паміж сабой. Напрыклад, цяпер у «Відзаўскім» працуе механізатар Іван Крычалаў з суседняга ААТ «Мяжаны». Ён, адзін з вопытнейшых механізатараў у сваёй гаспадарцы, цяпер сее азімыя культуры на відзаўскіх землях. Прычым працуе на сваёй прывычнай тэхніцы.

Сам Іван расказвае, што адносіны з дырэкцыяй адразу склаліся добрыя: кожны дзень прывозяць да трактара, кормяць два разы, а па якім полі ехаць, кажа трактарыст, розніцы няма. Заробак жа ў сезон, калі працуеш старанна, неблагі.

Уладзіслаў Бэйнар, кіраўнік КУСП «Відзаўскі», расказвае, што такая дапамога яму проста неабходная. У планах маладога дырэктара пасеяць як мага больш азімых, бо менавіта яны даюць добры ўраджай.

— Ёсць у гаспадарцы адна сеялка, але тэрміны падганяюць, — кажа У. Бэйнар. — Каб у наступным годзе было што ўбіраць, сёння трэба максімальна хутка адсеяцца. Восень — яна такая: можа задажджыць — і на поле не заедзеш, а можа падмарозіць ды снегу насыпаць. Таму трэба паспяшацца. А як тут паспець, калі, самі ведаеце, восень — работ восем, а ў мяне ўсяго 10 механізатараў, з якіх 2 — пенсіянеры, што выходзяць працаваць вясной, каб дапамагчы гаспадарцы ды капейку зарабіць. Столькі ж у нас адзінак тэхнікі. Як тут справіцца?

Сёння Іван Крычалаў заканчвае сяўбу азімага рапсу, а тым часам другая сеялка ўжо пачала класці ў глебу насенне збожжавых культур. Заўтра ж, калі надвор’е дазволіць і тэхніка не падвядзе, будзем сеяць у два агрэгаты. Пачалі з пшаніцы. Колькі плануем засеяць? Як мага больш.

Тым часам на палетках ААТ «Мяжаны» працуе КВК-800 і механізатар Мікалай Жалноў з «Відзаўскага». Ён убірае кукурузу і рыхтуе з яе сакавіты корм для жывёлы.

Вось такая ўзаемавыручка дапамагае суседзям трымацца на плыву. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ