У Браслаўскім раёне падведзены вынікі акцыі «Увага — дзеці!»

Безопасность
Штогадовы спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Увага — дзеці!», які працягваўся 10 дзён, закончыўся на мінулым тыдні. За гэты час, на шчасце, на тэрыторыі раёна не адбылося дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх пацярпелі дзеці, больш таго, іх не было ўвогуле. Магчыма, і дзякуючы таму, што ішла актыўная прафілактычная работа па мінімізацыі няшчасных выпадкаў на дарозе.

Нагадвалі дзецям пра правілы паводзінаў на дарозе бацькі, настаўнікі, класныя кіраўнікі, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Толькі апошнія за дэкаду ў навучальных установах раёна выступілі 35 разоў, у тым ліку на бацькоўскіх сходах. Нарады ДПС былі набліжаны да ўстаноў адукацыі, дзяжурылі ля пешаходных пераходаў, нагадвалі вадзіцелям пра абавязковае выкарыстанне святла фар падчас акцыі, захаванне хуткасных рэжымаў. Асаблівую ўвагу міліцыянеры надалі выкарыстанню дзіцячых крэслаў. За невыкананне гэтага пункта правілаў за час акцыі супрацоўнікі ДАІ пакаралі 12 вадзіцеляў.

Добрым завяршэннем комплексу мерапрыемстваў «Увага — дзеці!» стала традыцыйная акцыя ў гімназіі. Правялі яе разам са старшым інспектарам ДПС Эдуардам Крумплеўскім. Ён расказваў пра важнасць флікера на дарозе ў цёмны час сутак і прасіў дзяцей не забывацца пра гэта. У вучняў, якія ўваходзілі ў навучальную ўстанову, прасілі прад’явіць флікер і, тым у каго ён быў, уручалі салодкі сюрпрыз. Амаль усе гімназісты ў гэты дзень атрымалі цукеркі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ