Калектыў фермы «Едлавічы» — лаўрэат абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака

Власть и общество
Нядаўна з’явілася прыемная нагода наведацца на ферму «Ёдлавічы» ў СВК «Маяк Браслаўскі» і сустрэцца з яе калектывам: старшыня прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка вёз ім грамату і грашовую прэмію за перамогу ў працоўным спаборніцтве.

Ірына Цыўнель, Святлана Басякірская і Таццяна Сінкевіч па выніках абласнога спаборніцтва па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў другім квартале гэтага года занялі другое месца. Менавіта іх калектыў сярод іншых у вобласці (з даільнымі заламі) з пачатку года ад кожнай каровы надаіў па 4 392 кг малака, што дазволіла заняць другую прыступку п’едэстала.

— Працавітыя, адказныя выдатніцы, — так характарызуе прызёраў конкурсу галоўны заатэхнік Леанід Барткевіч. — Праца на ферме адладжана і строга кантралюецца, тут кожны на сваім месцы, добра ведае абавязкі. У калектыве людзі талковыя. Старанна, акуратна, а галоўнае, адказна выконваюць сваю работу. Таму промахаў не маюць, дояць добрыя аб’ёмы і толькі гатункам «экстра», — падкрэслівае ён.

Спадабалася, што даяркі настроены аптымістычна. Калі пасля ўзнагароджання выйшлі на вуліцу для фотаздымка, яны шмат разважалі, што працаваць трэба яшчэ больш старанна, каб у наступны раз быць першымі.

— Гэтую ўзнагароду ўспрымаем не як рысу, якая падводзіць вынік нашай працы, а як першапачатковы пункт для далейшага ўпэўненага развіцця і новых здзяйсненняў, — адзначалі жанчыны.

Дыплом заняў пачэснае месца ў пакоі адпачынку і будзе нагадваць пра тое, што добрасумленная і старанная праца ўзнагароджваецца.

Мы ж у сваю чаргу пажадалі руплівіцам здароўя і цярпення, а таксама ўпэўнена крочыць да новых перамог. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ