Двайное свята адзначылі ў Відзаўскай сярэдняй школе

Актуальное
У аўторак звыклы школьны званок абвясціў ва ўстановах адукацыі пачатак новага навучальнага года. А ў Відзаўскай сярэдняй школе 1 верасня адзначылі двайное свята: вучні пачатковых класаў будуць вучыцца тут у абноўленым памяшканні з сучасным інтэр’ерам, якое адрамантавалі ў рамках рэалізацыі праграмы па добраўпарадкаванні гарадскіх пасёлкаў Віцебшчыны.

У гэты радасны і хвалюючы дзень у двары школы сабраліся педагогі, навучэнцы, іх бацькі, а таксама ганаровыя госці — старшыня Браслаўскага райвыканкама Аляксандр Баданін, начальнік аддзела па адукацыі Іван Абаровіч, старшыня Відзаўскага сельсавета Наталля Залатуха, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце аддзялення пагранічнага кантролю «Відзы» Максім Герман, намеснік начальніка пагранічнай заставы «Відзы» Максім Еўстрат.

Пачалося мерапрыемства традыцыйна — з віншаванняў. Дырэктар школы Віктар Сарбай, шчыра прывітаўшы дзяцей і дарослых, адрасаваў вучням словы наказу і выказаў спадзяванне, што ў гэтым навучальным годзе ўсе дзеці будуць займацца яшчэ лепш, чым у мінулым.

— Першакласнікам жадаю быць ва ўсялякіх справах першымі, выпускнікам — пастарацца, папрацаваць і атрымаць жаданыя адзнакі напрыканцы вучобы, — сказаў ён.

Цёплыя словы віншавання адрасаваў дзецям і кіраўнік раёна Аляксандр Баданін, падрэсліўшы, што Дзень ведаў — шчырае і эмацыянальнае свята, асабліва для першакласнікаў.

— Вельмі хочацца, каб у гэтай школе, на браслаўскай зямлі вучні атрымлівалі веды, знаходзілі сябе ў жыцці і прафесіі. Каб па шляху пазнання з дзецьмі ішлі побач не толькі настаўнікі, а і бацькі, бо выхаваць чалавека, які любіць сваю радзіму, сапраўднага грамадзяніна можна толькі разам, — сказаў старшыня райвыканкама.

А. Баданін таксама адзначыў, што Дзень ведаў можна назваць і днём гордасці, улічваючы тыя пераўтварэнні, якія адбыліся апошнім часам у Відзах — у дзіцячым садзе, яслях, каледжы, школе і інш. І наперадзе яшчэ шмат сумеснай работы.

З найлепшымі пажаданнямі звярнуліся да навучэнцаў і іншыя ганаровыя госці, наказаўшы дзецям не баяцца асвойваць новае і абавязкова дасягаць пастаўленых мэтаў.

Для кожнага са школьнікаў гэты год стане пэўнай ступенню ў жыцці, але ўсё ж такі галоўнымі героямі дня былі першакласнікі. Выйшаўшы пад урачыстую музыку, яны смела прадставілі сябе і паабяцалі добра вучыцца і радаваць бацькоў і настаўнікаў сваімі дасягненнямі. Выпускнікі віталі новых вучняў — а іх сёлета ў школе 37 — і перадалі ім эстафету ў краіну ведаў і сімвалічныя падарункі.

Не абышлося і без традыцыйнай чырвонай стужкі, якую ўрачыста перарэзалі А. Баданін, І. Абаровіч і В. Сарбай, пасля чаго першакласнікі, усхваляваныя і адначасова радасныя, у суправаджэнні настаўніц і бацькоў разышліся па светлых і ўтульных пасля рамонту кабінетах. Навучальны год у Відзаўскай сярэдняй школе пачаўся на пазітыўнай ноце! ■

Жанна БЯЛЬКО