Вадзіцель Уладзімір Пуйша трывала трымаецца ў тройцы лідараў на адвозцы збожжа

Люди
На жніве – 2020 у прафсаюзным спаборніцтве з самага пачатку вызначыліся тры лідары на адвозцы збожжа ад камбайна. Больш за месяц на трэцім радку трымаўся механізатар з ААТ «Мяжаны» Уладзімір Пуйша.

Старэнькі «МАЗ» сваімі капрызамі і паломкамі не дае Уладзіміру расслабіцца, патрабуе многа ўвагі да сябе. Таму вадзіцелю даводзіцца выдзяляць з рабочага графіка шмат часу, каб давесці аўтамабіль да розуму. Тым не менш механізатар стараецца не стаяць падоўгу на рамонце і ўстараняе паломкі хутка, бо разумее, што ад гэтага залежыць і яго асабісты заробак, і тэмп уборкі ў гаспадарцы ўвогуле.

Дапамагае яму спраўляцца са складанасцямі вопыт, бо Уладзімір мае справу з тэхнікай кожны дзень на працягу 33 гадоў. Так, менавіта ў далёкім 1987 годзе, пасля заканчэння Відзаўскага вучылішча, ён прыйшоў працаваць у сельскую гаспадарку. Але ўжо тады шмат ведаў пра машыны, умеў наладзіць агрэгаты, бо не аднойчы дапамагаў у гэтым бацьку, які працаваў у калгасе трактарыстам. Веды, набытыя побач з ім, Уладзімір пранёс скрозь гады і нават удасканаліў сваім вопытам. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ