Лукашэнка: «Мы будзем прапаноўваць народу перамены, якія будуць рухаць грамадства наперад»

Власть и общество
Улада будзе прапаноўваць народу перамены, якія будуць рухаць грамадства наперад. Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 жніўня ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам.
ЗМЯНЕННІ Ў ГАЛОЎНЫМ ЗАКОНЕ КРАІНЫ

«Вяртанне, як некаторыя кажуць, да Канстытуцыі 1994 года — мы з вамі гэта не проста прайшлі або пражылі, а ўвабралі ў сябе. Мы бачылі, што тады рабілася. Вяртанне назад — гэта, напэўна, не ёсць рух. Гэта ёсць перамены, але гэта не рух наперад. Хацелася б, каб гэтыя перамены рухалі наша грамадства наперад. На такіх пераменах мы будзем настойваць і прапаноўваць нашаму народу такія змяненні», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што цяпер у Беларусі спецыялісты, у тым ліку суддзі Канстытуцыйнага суда, працуюць над змяненнямі ў галоўны закон краіны. Затым праект абноўленай Канстытуцыі будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне. «Каб пакруцілі, выказалі сваё меркаванне, што ім падабаецца, не падабаецца, свае меркаванні. Але пры гэтым хачу сказаць асабліва заўзятым, якія гвалтам крычаць за перамены: яны павінны разумець, што ў кожнага дарослага чалавека пры галасаванні за тое ці іншае пытанне на рэферэндуме па Канстытуцыі ёсць адзін голас — і ў вяскоўцаў, і ў рабочых, настаўнікаў, урачоў, спецыялістаў, і ў тых, хто дасягнуў 18-гадовага ўзросту і сёння бадзяецца па вуліцах спакойнага, чыстага, утульнага Мінска», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён заўважыў, што голас непаўналетніх грамадзян краіны, якіх таксама нямала на мітынгах, улічвацца не можа, хоць яны і могуць выказваць сваё меркаванне.

РАБОТА ПА АБНАЎЛЕННІ КАНСТЫТУЦЫІ

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць тактычныя і стратэгічныя тэмы работы судоў: «Калі гаварыць пра тактыку, то канкрэтныя тэмы, праблемы, аж да крымінальных спраў, якія знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта. Што датычыцца стратэгіі, цяпер вельмі шмат размоў пра тое, што нам трэба нейкім чынам перабудаваць нашу грамадска-палітычную сістэму, змяніць сітуацыю ў краіне. Перамены, перамены… Праўда, ніхто не гаворыць пра тое, якія хто хоча перамены. Але я добра ведаю, хто гэтага хоча і якія яны хочуць перамены. Таму мы з вамі гэта абмяркуем. Жыццё на тое і ёсць жыццё, што яно павінна ўвесь час мяняцца».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што цяпер ідзе работа ўжо над трэцім варыянтам Канстытуцыі Беларусі, і папрасіў старшыню Вярхоўнага суда падключыцца да гэтай работы. «Я хачу, каб вы ўсё ж такі як вопытны чалавек сваё слова сказалі, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — І наконт судоў. Многія хочуць — і ў самой судзейскай супольнасці — нейкай незалежнасці. Хоць я гатовы з кім хочаце спрачацца, што самы незалежны суд — у Беларусі. Няхай ніхто не смяецца. Вы ж ведаеце, наколькі я засцерагаю вас ад розных накатаў або тэлефонных просьбаў і размоў. Я часта гавару, што ўсё залежыць ад суддзяў: калі яны хочуць быць ад некага залежнымі, значыць, яны будуць адказваць, вобразна кажучы, на гэтыя званкі. Вы ніколі ад мяне таемна не атрымлівалі ніводнага званка, у нас усё адкрыта. Калі Прэзідэнт кантралюе якую-небудзь крымінальную справу, я пра гэта адкрыта гавару, і вы таксама».

«Таму я лічу, што, нягледзячы на тое, што ў нас крыху аўтарытарная сістэма ўладкавання грамадскага жыцця, тым не менш Прэзідэнт аберагае і ахоўвае суды. Але гэта асобасны момант, а трэба зрабіць так, каб працавала сістэма, не завязаная на асобе, у тым ліку Лукашэнку. Таму, я думаю, у новай Канстытуцыі мы дастойна адлюструем сістэму ўладкавання нашых судоў, зыходзячы з нашага з вамі вопыту работы за апошнюю чвэрць стагоддзя. Але адказна: уносіце прапанову — распішыцеся за гэту прапанову», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. ■

Па матэрыялах БелТА