Бібліятэкары аднавілі прафесійныя сустрэчы

Власть и общество
У Дзяржаўнай установе культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна» пасля пэўнага перапынку, выкліканага эпідсітуацыяй, у традыцыйным стацыянарным фармаце аднавіла сваю работу сістэма павышэння кваліфікацыі бібліятэчных спецыялістаў. Дваццатага жніўня тут прайшоў семінар на тэму «Роля і месца бібліятэкі ў адзінай інфармацыйнай і сацыякультурнай прасторы па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення».

У год, калі ўся краіна маштабна святкавала 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі, тэма семінара стала вельмі актуальнай. Для выступлення ў традыцыйнай рубрыцы «Пляцоўка экспертных сустрэч» арганізатары семінараў заўсёды імкнуцца запрасіць прадстаўнікоў іншых арганізацый. На гэты раз госцем была спецыяліст сістэмы адукацыі раёна, педагог-псіхолаг Опсаўскай ЯССШ Ганна Бейнар. Яна падзялілася вопытам работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў, што было карысным для прысутных. Аддзел бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі падрыхтаваў для ўдзельнікаў нарады тэматычную кансультацыю па сучасных формах работы.

Затым адбыўся абмен вопытам па тэме семінара. Сваімі напрацоўкамі з калегамі падзяліліся бібліятэкары Алена Далецкая з Ахрэмаўскай, Алена Пухальская са Слабодкаўскай, Людміла Бялюн з Мяжанскай, Жанна Анісімовіч з Дрысвяцкай бібліятэк. У рубрыцы «Творчая майстэрня» ўдзельнікі пракаменціравалі свае наглядныя і друкаваныя матэрыялы, прадстаўленыя на «Стале інавацый», найбольш актыўнымі былі Марыя Лукша, Ганна Маслякова, Ірына Лясюк. Затым у рубрыцы «Зваротная сувязь» бібліятэкары акрэслілі значнасць і карыснасць разглядаемых пытанняў.

Закончыўся семінар рубрыкай «Трыбуна дырэктара», у якой кіраўнік установы Вольга Ляснеўская падвяла вынікі нарады і акрэсліла іншыя актуальныя пытанні бібліятэчнай работы. ■

Ірына МАКАРЭВІЧ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу