Крысціна Шылін 54 гады працуе на ферме. У такім узросце перамагае ў абласным спаборніцтве

Люди
— Нешта, Крысціна Віктараўна, ты зачасціла апошнім часам у кабінет старшыні.
— Калі па такой добрай прычыне, то чаму ж і не зайсці.
Сведкай такога дыялогу я стала суботнім ранкам у будынку праўлення СВК «Маяк Браслаўскі», дзе прымала віншаванні аператар фермы «Мядынкі» Крысціна Шылін. Што ж, нагода для сустрэчы сапраўды была прыемнай: работніца заняла ІІ месца ў абласным спаборніцтве па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі сярод аператараў па вырошчванні і адкорме маладняку БРЖ за ліпень.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Бараноўскі падзякаваў К. Шылін за працоўную перамогу, адзначыўшы, што менавіта з такіх людзей варта браць прыклад іншым. Начальнік райсельгасхарча ўручыў аператару Падзяку Віцебскага абласнога камітэта прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грашовую прэмію. З віншаваннямі і пажаданнямі не спыняцца на дасягнутым да яго далучыліся старшыня райкама галіновага прафсаюза Мікалай Вялічка і кіраўнік сельгаспрадпрыемства Рамуальд Шукель.

Крысціна Віктараўна беражліва трымала ў руках узнагароду. «За добрасумленную высокапрадукцыйную працу, павелічэнне аб’ёму і дасягненне лепшых вынікаў па вытворчасці мяса» — лаканічныя радкі акрэсліваюць вынік яе намаганняў, але не раскрываюць асобы гэтай жвавай і рухавай жанчыны.

Між тым шчыруе Крысціна Шылін усё жыццё на адным месцы, прыйшоўшы на ферму ў 16 гадоў. На сённяшні дзень яна мае 54 гады стажу! Пачынала даяркай, прычым заспела тыя часы, калі кароў даілі і раздойвалі ўручную, цяпер вось аператар па адкорме маладняку БРЖ. Тры разы на дзень з Дукеляў выпраўляецца ў «Мядынкі», да якіх два кіламетры, зімой — на кані, цёплым часам — на веласіпедзе. На працы на гадзіннік не глядзіць: на ферме заўсёды справы знойдуцца. У групе Крысціны Віктараўны на адкорме 99 галоў маладняку БРЖ. Яе гадаванцы заўсёды дагледжаныя, таму і сярэднясутачныя прывагі за ліпень склалі 1 414 грамаў. Спрактыкаваны гаспадарскі погляд бачыць усе недахопы, нават міма павуцінкі жанчына не пройдзе. Дарэчы, тут жа завіхаецца і яе брат Фелікс — падвозіць на ферму кармы.

— Я прывыкла да такой працы, мне яна падабаецца, — кажа Крысціна Шылін. — Цяпер толькі рабіць ды рабіць у гаспадарцы: на ферме многае змянілася. Тут правялі пераабсталяванне, калі раней насілі буракі, бульбу кошыкамі ці бачкамі, то цяпер кармавы стол зрабілі. Намнога лягчэй стала. Кармоў у гаспадарцы хапае, таму і растуць бычкі. Таму будзе здароўе — будзем яшчэ працаваць.■

Жанна БЯЛЬКО