Лагер «Рамонак»: цікава і пазнавальна

В свободное время
Ва ўстановах адукацыі Браслаўшчыны працягваецца летні аздараўленчы сезон. Вучні ў прышкольных лагерах дзённага знаходжання не проста ўмацоўваюць здароўе, а і атрымліваюць новыя ўражанні падчас разнастайных — як забаўляльных, так і сур’ёзных — мерапрыемстваў. Менавіта так пабудавана работа ў Слабодкаўскай яслі-сад — сярэдняй школе, дзе працуе лагер «Рамонак».

Знаёмства з правіламі бяспечных паводзін і афармленне атраднай газеты, вясёлая спартландыя і творчая майстэрня, займальныя віктарыны і выпрабаванні ў вяровачным парку — кожнаму школьніку абавязкова знаходзіцца занятак па душы. А падчас наведвання выратавальнай станцыі ў Браславе аматарам водных прастораў нагадалі, як правільна сябе весці на вадзе.

Разнастаіла дні ў лагеры і экскурсія ў РАНС. Хлопчыкі захапляліся знаёмствам з пажарнай тэхнікай. Дзяўчатам таксама было цікава: яны займаліся звыклай справай — прымяралі… шлем. Зусім не лішнім было ўспомніць нумары тэлефонаў службы выратавання ды праверыць свае веды ў галіне бяспекі.

Пазнавальная вандроўка на гэтым не скончылася: навучэнцы наведалі яшчэ і вальеры, дзе змаглі паназіраць за дзікімі жывёламі, якія водзяцца ў нашым рэгіёне.

Дні ў прышкольным лагеры «Рамонак» пралятаюць незаўважна, а гэта значыць, што адпачынак у дзяцей ідзе як мае быць.■

Жанна БЯЛЬКО