Ні адзін чалавек не захварэў. Як перажывае пандэмію COVID-19 браслаўскі дом-інтэрнат

STOP COVID-19!
Першы корпус Браслаўскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў агульнага тыпу быў пабудаваны ў 1959 годзе, а ў 1987-м уведзены ў эксплуатацыю і новы двухпавярховы жылы корпус. З таго часу на працягу больш за 40 гадоў у інтэрнаце на 105 месц не праводзіўся ніякі рамонт, і па санітарна-гігіенічных нормах ішла нават размова пра яго закрыццё. Урэшце ў 2013 г. з абласнога бюджэту былі выдзелены сродкі на правядзенне мадэрнізацыі памяшканняў інтэрната з добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Маштабныя работы, якія праводзілі будаўнікі на працягу двух гадоў, закранулі практычна ўсё: дах, сцены, сантэхнічнае і электрычнае абсталяванне, пакоі і калідоры. Увогуле на правядзенне мадэрнізацыі было затрачана звыш 7 млрд недэмінаваных руб. За 6 апошніх гадоў супрацоўнікі дома-інтэрната змаглі не толькі захаваць зробленае, а і прымножыць. Так, тут штогод праводзіцца бягучы рамонт жылых пакояў, для харчовага блока набыты новыя пліты, мэбля, посуд, пральня папоўнілася дзвюма машынаміаўтаматамі, абсталяваны кабінеты для лячэбнай фізкультуры, рэлаксацыі і рэабілітацыі, фізіякабінет.

Асобна трэба сказаць пра падсобную гаспадарку. Яна на працягу апошніх 15 гадоў на 100 % забяспечвае жыхароў інтэрната малаком і на 80 % — мясам. Тыя з пажылых, хто можа па стане здароўя, уцягваюцца ў працоўную дзейнасць падчас збору на тэрыторыі ўстановы садавіны і гародніны. Такім чынам, падсобная гаспадарка дазваляе праяўляць састарэлым людзям жыццёвую актыўнасць, забяспечвае іх чыстымі прадуктамі, змяншае затраты на харчаванне і эканоміць бюджэтныя фінансы, а невялікія свабодныя грошы ад рэалізацыі прадукцыі накіроўваць на падтрыманне гаспадаркі і набыццё сродкаў рэабілітацыі.

Добрыя ўмовы для жыцця, рацыянальнае харчаванне, пастаянны медыцынскі догляд станоўча ўплываюць на стан здароўя тых, каго абслугоўваюць у доме-інтэрнаце: за мінулы год сярэдняя працягласць іх жыцця склала 86 гадоў.

Сёлета эпідэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы і ў звыклы рытм жыцця дома-інтэрната: з 24 красавіка ён перайшоў на рэжым работы пры поўнай ізаляцыі. Абслуговы персанал сацыяльнай установы працаваў вахтавым метадам па 14 сутак. Работнікі заступалі на вахту толькі пасля адмоўнага выніку тэста на COVID-19. Па словах дырэктара дома-інтэрната Сяргея Аліхвера, да такіх жорсткіх папераджальных мер персанал аднёсся з разуменнем. Ізаляцыя, стапрацэнтная забяспечанасць антысептыкамі, медыкаментамі і сродкамі індывідуальнай абароны дазволілі трымаць сітуацыю пад кантролем і не дапусціць пранікнення каранавіруса: ні адзін чалавек у доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў не захварэў. Абмежаваны прапускны рэжым захоўваецца ва ўстанове і па сённяшні дзень.

За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у работу па сацыяльнай абароне грамадзян ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі дырэктар дзяржаўнай установы сацыяльнага абслугоўвання Сяргей Аліхвер у пачатку жніўня ўзнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама. Кіраўнік дома-інтэрната сціпла кажа, што такая высокая ацэнка — гэта заслуга ўсяго працоўнага калектыву. ■

Казімір ПЯТУШКА