Ад зары да цямна. Як браслаўскія аграрыі вядуць жніво

Деньги
Уборачная кампанія на Браслаўшчыне ў самым разгары. На залатых палях туды-сюды рухаюцца камбайны, убіраючы неблагі ўраджай. Сёлета стаіць задача змалаціць збожжа амаль на 16 тыс. га. На раніцу аўторка, па інфармацыі райсельгасхарча, камбайны прайшліся па 40,6 % плошчаў. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у сярэднім па раёне складае 28,2 цэнтнераў з гектара.

Лідзіруючую пазіцыю, як заўсёды, займае найбольш моцная гаспадарка раёна «Маяк Браслаўскі»: тут кожны дзень працуе 16 – 17 камбайнаў, якія ўжо ўбралі 2 908 га збожжавых і зернебабовых культур, што складае 66,5 працэнта ад плана. Наступнае месца займае «Слабодка-агра», дзе абмалацілі 549 га. Дарэчы, у гэтай гаспадарцы на полі працуюць толькі 4 камбайны і ў тым ліку дзякуючы дапамозе шэфскай арганізацыі ЖКГ «Браслаў-камунальнік», механізатар з якой ужо не першы год садзіцца тут за руль камбайна.

Па словах дырэктара ААТ «Слабодка-агра» Аляксандра Дзегцярова, руку дапамогі ў гарачы сезон сельгаспрадпрыемству працягваюць ДЭУ-34 і ЖКГ. Сёлета, напрыклад, дапамагаюць з вадзіцелямі і тэхнікай на адвозцы кармоў, «Амкадорам».

Збожжа ў гаспадарцы ўбіраюць вопытныя камбайнеры Анатоль Савіцкі, Алег Дарожка, Валерый Пучынскі, да іх толькі ў гэтым годзе далучыўся Генадзь Трубовіч. Механізатар даўно знаёмы з сельскагаспадарчай тэхнікай, але пакуль працаваць на камбайне не даводзілася. Па просьбе дырэктара гаспадаркі ён за 2 дні падрыхтаваў агрэгат, прайшоў на ім тэхагляд і стаў побач з прафесіяналамі. За некалькі гадзін унік ва ўсе тонкасці справы камбайнера і ўжо не адстае ад калег. Наогул, механізатараў А. Дзегцяроў жартоўна называе «ўніверсальнымі салдатамі». Раніцай, пакуль на каласах трымаецца раса, ніхто не сядзіць без работы: адзін на трактары вязе ваду на поле каровам, другі адвозіць і скірдуе салому — усім у гаспадарцы работы хапае.

У ААТ «Слабодка-агра», дарэчы, па стане на ўчарашні дзень намалацілі 1 297 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 23,6 цэнтнера з гектара.

Падчас жніва працоўны графік механізатараў вельмі складаны і насычаны. Пачынаюць яны свой працоўны дзень з 7 раніцы і знаходзяцца на палетках, як кажуць самі, да першай зоркі, бо не хочуць губляць нават гадзіны пагодлівых дзён. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ