Пра што пісала «Браслаўская звязда» 35 гадоў таму назад (жнівень 1985-га)

Калейдоскоп
ЛІДАРЫ СПАБОРНІЦТВА

Камсамольска-маладзёжныя калектывы раёна ўдзельнічалі ў сацыялістычным спаборніцтве па дастойнай сустрэчы ХІІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў, і большасць дабілася значнага росту прадукцыйнасці працы. З апераджэннем графіка працуюць маладыя работнікі вытворчага аб’яднання будматэрыялаў, КБА, многіх калгасаў. Самых высокіх паказчыкаў у спаборніцтве дабіліся швачкі-матарысткі 2-й змены швейнага цэха ВАБМ — ім і прысуджана 1-е месца.

ГАЗЕТЫ І ЧАСОПІСЫ — У КОЖНЫ ДОМ

З 1 жніўня гэтага года пачынаецца падпіска на савецкія і замежныя газеты і часопісы. Аформіць яе можна ва ўсіх аддзяленнях сувязі, у агенцтве «Саюздрук», паштальёнаў, па месцы работы ў грамадскіх распаўсюджвальнікаў друку. Індывідуальная падпіска на перыядычныя выданні ў сельскай мясцовасці не абмяжоўваецца. У час падрыхтоўкі да XXVII з’езда КПСС важна правесці падпісную кампанію на высокім палітычным і арганізацыйным узроўні.

РАМОНТ З ПРАЦЯГАМ

Жыхарка в. Дрысвяты, калі сапсаваўся халадзільнік, спадзявалася на хуткую дапамогу работнікаў службы сэрвісу, куды і звярнулася 17 красавіка. Гэта не лічба 13, але ўсё роўна стала для яе нешчаслівай. Хутка міне 4 месяцы, а канца рамонту не бачна, хоць жанчына ўжо заплаціла больш як 100 рублёў. Памянялі цепларэгулятар, потым матор і камеру — не дапамагло. Мінае лета, набліжаецца восень, магчыма, майстры чакаюць маразоў: тады і халадзільнік не спатрэбіцца.

ПРА НЕЗДАВАЛЬНЯЮЧУЮ РАБОТУ

Бюро райкама КПБ заслухала кіраўнікоў калгасаў «Радзіма», «Гігант» і саўгаса «Браслаўскі» па пытаннях нарыхтоўкі кармоў, догляду пасеваў і вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Адзначана, што гаспадаркі выкарыстоўваюць далёка не ўсе магчымасці. Напрыклад, на ўмоўную галаву жывёлы выходзіць усяго па 5 – 5,4 цэнтнера кармавых адзінак, дрэнна вядзецца барацьба з пустазеллем, зменшыўся аб’ём вытворчасці мяса. Вінаватыя кіраўнікі, спецыялісты і кадры сярэдняга звяна прыцягнуты да партыйнай адказнасці.

АБНАЎЛЯЮЦЦА ДАРОГІ

Як пройдуць ліўневыя дажджы, раскісала прасёлкавая дарога каля вёсак Друйка і Пілюсоўшчына — ні прайсці, ні праехаць. Аўтамабілісты пускаліся ў аб’езд, дарэмна расходуючы гаруча-змазачныя матэрыялы і час. Цяпер гэтыя населеныя пункты звязала добрая гравійная дарога працягласцю 5 кіламетраў. Пабудавалі яе гаспадарчым спосабам працаўнікі калгаса імя Суворава, праўленне якога апошнія гады стала больш увагі ўдзяляць дарожнаму пытанню.

АМАТАРЫ ЛЁГКАЙ НАЖЫВЫ

Безгаспадарчасць на руку «несунам», якія цягнуць усё, што дрэнна ляжыць. Не турбавала сумленне шафёра райсельэнерга, калі ён краў калгасныя буракі, ды суд аштрафаваў яго на 100 рублёў. У 30 руб. абышоўся бохан хлеба рабочай хлебазавода, якая не змагла пераадолець шматгадовую звычку. Падвяла яна і рабочага саўгаса «Камуніст»: ён не праехаў міма скошанай у калгасе «Уперад» канюшыны. Як сцвярджаў, прыхапіў пару ахопкаў. Толькі рукі аказаліся заграбучымі і за два разы ўхапілі 75 кг, якія «пацягнулі» на 30 рублёў.

УСІМІ ДАСТУПНЫМІ МЕРАМІ

Барацьбу з п’янствам трэба весці наступальна, пастаянна ажыццяўляючы прафілактычныя мерапрыемствы з мэтай папярэджання гэтай адмоўнай з’явы. Такой аднадушнай была думка камуністаў саўгаса «Друйскі» пры абмеркаванні пастановы ЦК КПСС «Аб мерах па пераадоленні п’янства і алкагалізму». Пасля сходу мінула не так многа часу, а ў гаспадарцы заўважаюцца істотныя зрухі: актывізаваліся грамадскія арганізацыі, агітатары, палітінфарматары, рэдкалегія насценнай газеты. У выніку ўмацавалася дысцыпліна, павысілася прадукцыйнасць працы.

ЗАЦІШША Ў КЛУБАХ

Ахрэмаўская моладзь скардзіцца, што ў вёсцы тры клубы — калгасны, райсельгастэхнікі і торфабрыкетнага завода — і паўсюль пануе зацішша. Апрача рэдкіх сходаў, не праводзіцца амаль ніякіх мерапрыемстваў, толькі кіно ды танцы. Дарэчы, у час танцаў у моладзі павінна выхоўвацца культура паводзін, адносін, адбывацца знаёмства з лепшымі музычнымі творамі. Культработнікі ж круцяць старыя запісы, а каб звязаць работу з сучаснымі патрабаваннямі, ужываюць моднае слова «дыскатэка».

ПА ПІЯНЕРСКІХ ПУЦЁЎКАХ

Радасныя дні перажывае цяпер шасцікласнік Браслаўскай сярэдняй школы Лёша Набееў. Хлопчык збіраецца ў піянерскі лагер «Артэк». Пуцёўкай юнага ленінца ўзнагародзілі за паспяховую вучобу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. У лагеры «Зубраня» пройдзе першы месяц вучобы ў Сашы Дунца з Далёкаўскай школы і Надзі Сяліцкай з Браслаўскай СШ. ■

Жанна БЯЛЬКО