Ў Відзах адкрылі абноўлены дзіцячы сад

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Летась у Браслаўскім раёне быў дадзены старт вялікім пераўтварэнням у сацыяльнай сферы. Змены закранулі і ўстановы адукацыі, многія з якіх не толькі памянялі свой знешні выгляд на больш прывабны, а і атрымалі самае сучаснае абсталяванне. Гэтага ж накірунку — захоўваць і прымнажаць дасягнутае — прытрымліваюцца на Браслаўшчыне і сёлета.

У сераду ў Відзах адбылася радасная для мясцовых жыхароў падея: пасля бягучага рамонту адкрыўся абноўлены дзіцячы сад. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі будаўнічай арганізацыі і мясцовага сельвыканкама, калектыў дашкольнай установы, а таксама выхаванцы і іх бацькі.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін, віншуючы прысутных, сказаў:

— Відзам сёлета пашанцавала. Праводзімая работа дазволіла выканаць комплекс мер па добраўпарадкаванні пасёлка, і жыхары ўжо адчулі вынік. Пачатак зроблены, а праца будзе працягнута і ў будучыні.

Кіраўнік раёна ўзгадаў сур’- ёзны фронт работ, выкананы сіламі дарожных арганізацый, асобна адзначыў дасягненні ў сацыяльнай сферы, удасканаленне інфраструктуры гарадскога пасёлка. А. Баданін падзяліўся планамі на будучыню і акрэсліў галоўную задачу як раённай, так і мясцовай улады — развіваць тэрыторыі, ствараць працоўныя месцы, каб кожны мог знайсці сябе на роднай зямлі.

Старшыня райвыканкама ўручыў сертыфікаты па 25 тыс. рублёў загадчыцы Відзаўскага дзіцячага сада Антаніне Абалевіч — на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы — і дырэктару Слабодкаўскай ЯССШ Ірыне Гапон — на набыццё аўтобуса для падвозу вучняў.

Начальнік аддзела райвыканкама па адукацыі Іван Абаровіч, падзякаваўшы раённаму выканаўчаму камітэту і Савету дэпутатаў за дапамогу ў правядзенні рамонту, паведаміў, што сёлета ў раёне працуюць 11 школ з 2 200 навучэнцамі і 11 дашкольных устаноў, у якіх 800 выхаванцаў. Ён адзначыў, што з кожным годам паляпшаюцца ўмовы для дзяцей — як у Браславе, так і ў гарадскім пасёлку, у сельскай мясцовасці. Пацвярджэннем таму стаў сертыфікат на 25 тысяч рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, які начальнік аддзела ўручыў загадчыцы Відзаўскага ясляўсада Таццяне Лук’янец (у гэтай установе таксама праведзены бягучы рамонт). Іван Абаровіч выразіў удзячнасць работнікам ПМК-42, якія працавалі на сацыяльных аб’ектах у Відзах.

Са слоў падзякі людзям, якія ператвараюць мары ў рэальнасць, пачала выступленне і Антаніна Абалевіч. Яна выказала спадзяванне, што дзеці будуць спяшацца ў абноўлены дзіцячы сад з радасцю і нецярпеннем, у атмасферы дабра ды ўтульнасці вырастуць чуйнымі да прыгожага. Да яе далучылася відзаўчанка Таццяна Курносава і ад імя бацькоў падзялілася радасцю з нагоды такіх значных змен ва ўстанове. Падтрымалі яе і віноўнікі ўрачыстасці: выхаванцы дзіцячага сада ў вершах эмацыянальна распавялі пра свой другі дом і ўручылі гасцям сувеніры.

Пасля сімвалічнага перарэзвання чырвонай стужкі госці ўрачыстасці адправіліся на экскурсію па абноўленым дзіцячым садзе і былі прыемна здзіўлены тым, што ён ва ўсіх адносінах не саступае гарадскім. На сённяшні дзень тут праведзены бягучы рамонт усіх памяшканняў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Заменены і ўцеплены падлогі, міжпакаёвыя дзверы, з’явілася сертыфікаванае пакрыццё, адрамантавана кухня, санвузлы. Сур’ёзна папрацавалі будаўнікі і над унутраным аздабленнем: утульныя гульнявыя, распранальні, сталовая абавязкова спадабаюцца дзецям. Відавочна, што пасля рамонту будзе камфортней працаваць і калектыву ўстановы.

Анастасія ЛАЎРЫЯНЕЦ, мама дашкольніцы Лізаветы:

— Такую вялікую справу зрабілі ў нашым дзіцячым садзе. У ім цяпер вельмі светла, утульна і прыгожа. Дзеткі з задавальненнем туды ходзяць, збіраюцца з раніцы як на свята. І на вуліцы ёсць дзе пагуляць. Прыемна дачку вадзіць у сад. Мы, бацькі, удзячныя кіраўніцтву раёна за выдзеленыя сродкі, спецыялістам, якія выдатна справіліся з рамонтам, і, вядома ж, нашым выхавальнікам.

Сёлета работа па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі прадоўжана. Так, на бягучы рамонт Відзаўскай СШ выдзелена 100 тыс. рублёў, гарпасялковага дзіцячага сада і ясляў-сада — па 75 тыс. руб., у Опсаўскай ЯССШ абноўлена спартыўная зала, у яслях-садзе № 1 і № 2 г. Браслава ўстаўлены новыя аконныя блокі, у СШ № 1 рамантуецца частка даху. ■
Жанна БЯЛЬКО