Будаўніцтва — сямейная традыцыя. Браслаўчанін расказаў, як асвойваў спецыфіку будаўнічых прафесій

Люди
Андрэй Карнавушка, брыгадзір будаўнікоў ПМК-42, без малога як 30 гадоў выконвае розныя віды будаўнічых работ. Гэта сямейная традыцыя. Такой справай займаўся бацька, дзядзька, цесць, а два гады таму назад далучыўся і сын Андрэя Дзмітрый. Таму мужчыны могуць выканаць любыя работы, напрыклад, з нуля і да поўнай гатощнасці ўзвесці дом.

У механізаваную калону Андрэй уладкаваўся пасля службы ў арміі. Дарэчы, вайсковы перыяд пакінуў у яго памяці незабыўны след. «Пачынаў выконваць свой воінскі абавязак прызыўніком Савецкай Арміі ва Усходняй Германіі, — кажа Андрэй, — а працягваў службу ўжо ў аб’яднанай — салдатам расійскай арміі, бачыў, як разбуралі легендарную Берлінскую сцяну. Потым у складзе ракетных войскаў пабываў на Паўночным Каўказе, у Капусціным Яры Архангельскай вобласці».

У ПМК А. Карнавушка асвойваў спецыфіку будаўнічых прафесій найперш пад настаўніцтвам бацькі і дзядзькі, дарэчы, навыкі ўмела і спрытна валодаць тым ці іншым інструментам фарміраваліся ў яго даволі лёгка. Сёння брыгадзір звяна будаўнікоў перасоўнай калоны — і муляр, і бетоншчык, і цясляр. Увогуле няма агульнабудаўнічай работы, якую ён не мог бы выканаць. Цяпер свае гадамі напрацаваныя навыкі Андрэй перадае сыну.

Дзіма пасля школы не пайшоў па слядах дзеда і бацькі: у Віцебскім дзяржаўным універсітэце атрымаў дыплом па спецыяльнасці «рамана-германская філалогія» і па размеркаванні выкладаў два гады замежную мову ва ўстановах адукацыі раёна. Але пасля заканчэння абавязковай адпрацоўкі не захацеў звязваць свой далейшы лёс з адукацыйнай нівай: на шалях пераважыла ўсё ж такі спадчынная схільнасць да будаўніцтва.

— Прамудрасцям рабочых прафесій пакуль усё яшчэ вучуся ў бацькі, — расказвае Дзіма. — Радуюся, калі атрымліваецца. Прыемна бачыць плён працы сваіх рук. А ў канчатковым выніку атрымліваеш вялікае задавальненне, калі, праходзячы міма адрамантаваных аб’ектаў, міжвольна думаеш, што ў іх абнаўленні ёсць і твая лепта. За два гады, на працягу якіх працую пад крылом бацькі, ні разу не засумняваўся і не пашкадаваў, што зрабіў круты паварот на сваёй працоўнай сцяжынцы.

У свой вольны час Дзмітрый не спыняецца і ў разумовым развіцці, у прыватнасці, павышае эрудыцыю ў складзе каманды падчас інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?», рыхтуецца паступіць завочна зноў у ВНУ, каб стаць дыпламаваным будаўніком.

Сёлета брыгада Андрэя Карнавушкі разам з іншымі работнікамі калоны ўзводзіць шматкватэрны дом у Мёрах, але раз-пораз дырэктар арганізацыі накіроўвае майстра з яго памочнікам і на іншыя неадкладныя аб’екты, бо цалкам давярае брыгадзіру і ўпэўнены ў канчатковым выніку праведзенай работы. Так, нядаўна Карнавушкі перакладвалі дымаходы ў Відзаўскай школе, а цяпер рамантуюць вентыляцыйныя каналы і дах у першай гарадской.

Казімір ПЯТУШКА.