Другое месца ў вобласці. «Маякоўцы» зноў сталі лепшымі жывёлаводамі

Новости
Быць пераможцамі і прызёрамі абласных конкурсаў і спаборніцтваў, што праводзяцца сярод работнікаў жывёлагадоўчай галіны, «маякоўцы» ўжо прывыклі, бо маюць высокапрадукцыйнае пагалоўе жывёлы, якое штодзень атрымлівае высокакаштоўнае харчаванне. Застаецца толькі шчыра выконваць свае абавязкі, каб мець на выхадзе лепшую прадукцыю. А людзі ў «Маяку Браслаўскім», трэба сказаць, працавітыя. Як жартуе галоўны заатэхнік гаспадаркі Леанід Барткевіч: «Іншых і не трымаем».

Старшыня раённага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка сёлета другі раз завітаў на ферму «Друсевічы» з прыемнай місіяй — уручыць грамату яе работніцы. Адзначу, што ферма гэтая новая: пачала сваю дзейнасць у лістападзе мінулага года. Тады прыйшлі працаваць сюды людзі, якія ніколі не былі звязаны з сельскай гаспадаркай, у прыватнасці, з жывёлагадоўляй. А на іх, між іншым, была ўскладзена цяжкая і вельмі адказная праца — даглядаць маладняк. Цяпер ужо бачна, што калектыў атрымаўся зладжаны і вельмі дружны. Супрацоўнікі дапамагаюць адзін аднаму і вельмі перажываюць за сваіх падапечных. Па словах Алены Умпіровіч, якую на гэты раз віншаваў М. Вялічка з другім у вобласці месцам у спаборніцтве па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі сярод аператараў па вырошчванні і адкорме маладняку, нават у выхадны дзень яны тэлефануюць падменнаму аператару, каб спытаць пра здароўе сваёй групы. Дарэчы, яе падапечныя ў сярэднім за дзень прыбаўлялі ў вазе 1 400 грамаў. Таксама А. Умпіровіч прызналася, што ніколі не думала пра працу ў сельскай гаспадарцы, але сёння робіць гэта з задавальненнем і ганарыцца дасягнутымі поспехамі ў новай справе. Лічыць, што створаныя кіраўніцтвам гаспадаркі ўмовы для працы, стабільны заробак і зладжаны калектыў дапамагаюць ёй дабівацца поспехаў і любіць сваю работу. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ