«Чырвоны крыж» працягвае барацьбу супраць пандэміі

STOP COVID-19!
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа працягвае актыўную барацьбу з каранавірусам і нагадвае грамадству пра небяспеку новай хваляй хваробы.

Нядаўна старшыня Браслаўскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Жанна Скур’ят разам з валанцёрамі правялі акцыю па распаўсюджванні інфармацыйных лістовак і заклікалі не забываць пра маскі ў грамадскіх месцах. А таксама напаміналі пра тое, што пры неабходнасці здзяйснення пакупак пажылыя людзі могуць звярнуцца да іх па дапамогу.

Гэтая акцыя — частка маштабнай работы Чырвонага Крыжа супраць пандэміі. Як расказала Жанна Скур’ят, за 6 месяцаў бягучага года браслаўчане сабралі 6000 рублёў добраахвотных узносаў. У зборы сродкаў прынялі ўдзел 26 устаноў адукацыі, прадстаўнікі сілавых структур, работнікі ДУ «Браслаў-камунальнік», тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аптэкі № 105, райвыканкама, рэдакцыі газеты, натарыяльнай канторы Браслаўскага раёна, ІП Лявончанка. Некаторыя калектывы паўдзельнічалі нават па 2 разы. Напрыклад, абласны дзіцячы процітуберкулёзны цэнтр, установы адукацыі, калектывы бальніцы і паліклінікі. Зусім нядаўна работнікі Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» таксама пералічылі 970 рублёў і яшчэ працягваюць збор.

Сродкі скіраваны на закупку сродкаў індывідуальнай абароны ад небяспечнай інфекцыі. Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа ўдзячна кожнаму, хто падтрымлівае ініцыятыву і далучаецца да барацьбы з пандэміяй. ■

Алена НАБЕЕВА